Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ве́трана, безас. у знач. вык.

Пра наяўнасць ветру. Ветрана на дварэ. □ Было, як і раней, ветрана, хмарна, нібы збіраўся дождж. Мележ.

ве́траны, ‑ая, ‑ае.

1. З ветрам, які суправаджаецца ветрам. Ветраны дзень. Ветранае надвор’е.

2. перан. Разм. Легкадумны; пусты. [Дзіміна] здавалася Максіму Сцяпанавічу несур’ёзнай, ветранай. Карпаў. [Маша] ніколі не была такой ветранай, каб ад аднаго бегчы да другога. Шамякін.

ветраны́, а́я, ‑о́е.

Які прыводзіцца ў рух ветрам. Ветраны млын.

•••

Ветраная воспа гл. воспа.

ветрарухаві́к, ‑а, м.

Рухавік, які прыводзіцца ў дзеянне ветрам.

ветрасілавы́, ‑ая, ‑ое.

Які выкарыстоўвае энергію ветру. Ветрасілавая ўстаноўка.

ветраўсто́йлівы, ‑ая, ‑ае.

Які добра вытрымлівае парывы ветру. Дуб — самая ветраўстойлівая парода дрэў.

ве́траць, ‑ае; незак.

Разм. Прасушвацца, праветрывацца. Хлеб, вядома, застаўся некранутым і ветраў пад страхою, аж пакуль не высыхаў на сухар. Лужанін.

ве́трык, ‑у, м.

Памянш.-ласк. да вецер; невялікі, слабы вецер. Ад сажалак павяваў вільготны свежы ветрык. Чарнышэвіч.

•••

З ветрыкам пракаціць — на вялікай хуткасці правезці.

ве́трыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; зак., што.

Ачышчаць ад смецця на ветры (збожжа). Ветрыць жыта, насенне.

•••

Ветрыць носам — пазнаваць, вызначаць што‑н., прынюхваючыся да ветру; чуць нюхам.

ветура́ч, ‑а, м.

Ветэрынарны ўрач, ветэрынар. Агледзеўшы свіней, ветурач папрасіў, каб яму паказалі, чым іх кормяць. Дуброўскі.

ветфе́льчар, ‑а, м.

Ветэрынарны фельчар.