Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

будава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. будаваць, будавацца.

будава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад будаваць.

будава́цца, ‑дуюся, ‑дуешся, ‑дуецца; незак.

1. Ставіць сабе дом або іншы будынак. [Пятрусь] два разы гарэў, два разы будаваўся... Цяпер вось дом, як шклянка, у два канцы. Брыль.

2. Узводзіцца, знаходзіцца ў стане будаўніцтва. Другі месяц на рацэ будуецца мост.

3. Узнікаць, складацца. Жывыя арганізмы будуюцца з рэчываў нежывой прыроды.

4. Зал. да будаваць.

будава́ць, будую, будуеш, будуе; незак., што.

1. Ставіць, мураваць, рубіць дом, узводзіць будынак, збудаванне. Будаваць палац. Будаваць дом. // без дап. Займацца будоўляй. Мы павінны будаваць добра і танна. // Вырабляць, выпускаць (машыны, механізмы і пад.). Сяргей Іванавіч пайшоў пасля арміі ў інстытут, каб навучыцца будаваць танкі. Шамякін. // Рабіць, майстраваць, ляпіць (гняздо і пад. — пра птушак і звяроў). І вадасточная труба.. Вісіць, аглухшы, а над ёй Будуюць зноў прытулак свой Дзве ластаўкі. Танк.

2. перан. Ствараць, тварыць. Народы нашых краін ідуць да адной вялікай мэты — яны будуюць сацыялізм і камунізм, будуюць самае лепшае і справядлівае грамадства на зямлі. Палітыка. Мы на вахту працы сталі, Мір будуем на вякі. Астрэйка.

3. У думках намячаць, ствараць (планы, здагадкі і пад.). Тры дні сурова, па-салдацку, ўспаміналі.. [сын з бацькам] нядаўняе мінулае і адначасова будавалі планы на будучыню. Васілевіч.

4. Асноўваць, базіраваць на чым‑н. Колькі іх было ў гісторыі, «вялікіх» і дробных цынікаў — «інквізітараў», што будавалі свае разлікі на слабасці, на баязлівасці людзей. Адамовіч. Агітатары будуюць свае гутаркі на канкрэтных прыкладах з жыцця сваіх брыгад. «Звязда».

5. Вычэрчваць якую‑н. геаметрычную фігуру на аснове зададзеных памераў. Будаваць квадрат. □ Затым пад прамым вуглом адыходжу ўздоўж берага і будую два прамавугольныя трохвугольнікі — вялікі і маленькі. Жычка.

6. Састаўляць, складаць што‑н., адбіраючы і размяшчаючы пэўным чынам, у пэўным парадку, сістэме матэрыял. Будаваць фразу. Будаваць сюжэт.

буда́н, ‑а, м.

1. Буда з галля, саломы ці тонкага бярвення для часовага жылля; шалаш. Па ўсім беразе людзі секлі лазу, рабілі буданы, накрывалі іх свежай травою. Лупсякоў.

2. Разм. Верх, пакрыццё павозкі. Невялікія замораныя конікі цягнулі вазы, нагружаныя бедным сялянскім скарбам і пакрытыя палатнянымі буданамі. Лобан.

[Цюрк.]

будара́жыцца, ‑жуся, ‑жышся, ‑жыцца; незак.

Узрушвацца, узбуджацца, турбавацца. [Ісак:] — У спрэчках.. адточваецца думка, бударажыцца мозг. Асіпенка.

будара́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; незак., каго-што.

Узрушваць, непакоіць, узбуджаць. [Аляксей] хадзіў з імі ў атаку, на яго вусны трапляў парахавы пыл, пах пораху бударажыў нервы і напружваў волю. Хадкевіч.

будаўні́к, ‑а, м.

1. Той, хто будуе што‑н.; працуе на будаўніцтве. Брыгада будаўнікоў. □ Імчалі па шашы грузавікі. Узводзілі палац будаўнікі. Корбан. [Паўтарак:] Я перадам гэта пісьмо і ваша гарачае прывітанне будаўнікам Волга-Дона. Крапіва.

2. перан. Стваральнік, тварэц. Будаўнікі новага грамадства. Будаўнікі сацыялістычнай дзяржавы. □ Ты, моладзь, смела і магутна, Ты — волі лепшай будаўнік. Чарот. [Працаўнікі] памножаць славу рабочага класа нашай краіны, славу народа — будаўніка камунізма. Грахоўскі.

будаўні́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да будаўніка. Будаўніцкія кадры.

будаўні́цтва, ‑а, н.

1. Узвядзенне будынка або якога‑н. іншага збудавання. Будаўніцтва завода, школы.

2. Будаўнічы аб’ект. Паехаць на будаўніцтва. □ На будаўніцтва Сілевіцкай ДРЭС Наташа трапіла ў сярэдзіне жніўня. Краўчанка.

3. Развіццё народнай гаспадаркі і культуры шляхам будавання новых вытворчых прадпрыемстваў і аб’ектаў культуры. Прамысловае будаўніцтва. Калгаснае будаўніцтва. Культурнае будаўніцтва. Капітальнае будаўніцтва. Зялёнае будаўніцтва. Тэмпы будаўніцтва. □ Вытворчая брыгада, якая нарадзілася яшчэ на заранку калгаснага будаўніцтва, і да гэтага часу застаецца асноўным звяном гаспадарання. Машэраў.

4. Стварэнне, арганізацыя новых гаспадарчых і культурных умоў жыцця. Сацыялістычнае будаўніцтва. Будаўніцтва камунізма. □ Зроблена ўсё магчымае для забеспячэння ўмоў мірнага будаўніцтва ў нашай краіне і ў брацкіх краінах сацыялізма, для міру і бяспекі ўсіх народаў. Брэжнеў.