стара́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да старацеля. Старацельская арцель. Старацельскія работы.
стара́цельства, ‑а, н.
Занятак, промысел старацеля.
стара́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Праяўляць стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. Хлопцы-падлеткі прыбеглі. Паглядзелі на свежы вал, весела стала ім. Хапаюць рыдлёўкі, у роў лезуць, капаюць, стараюцца. Колас. Нездарма стараецца так Хомка: ён сёння пойдзе з гаспадаровым сынам на кірмаш. Гарэцкі.
2. з інф. Імкнуцца дасягнуць, дабіцца чаго‑н.; прыкладаць намаганні да чаго‑н., намагацца рабіць што‑н. Аднак, не хочучы быць несумленным ні перад сабой, ні перад ёю, у далейшым .. [Казанцаў] стараўся сустракацца з Аняй радзей. Васілевіч. Пасля .. [салдату] пачало здавацца, што нехта стараецца выгаварыць слова, а выходзіць усяго паўслова і ўсё шпаркім шэптам, хворым і нежывым. Чорны. Цешча была на дзіва лагоднай і старалася чым можна дагадзіць зяцю. Б. Стральцоў.
•••
Рад старацца! гл. рады.
старгава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад старгаваць.
старгава́цца, ‑гуюся, ‑гуешся, ‑гуецца; зак.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н., плату за што‑н. Бедную жанчыну моцна даняла галеча, і яна рашыла прадаць карову. Павяла ў Петрыкаў, старгавалася з купцамі, тыя ёй 70 рублёў, .. яна ім — вяроўку ў рукі, на тым і разышліся. Палтаран. Купіла хату .. [Годля] гады праз два пасля вайны, сама, казалі, напытала, сама старгавалася. Мележ. // Дамовіцца з кім‑н. адносна чаго‑н. па аснове ўзаемнай выгады. Нарэшце старгаваліся, што .. [Марцін Астаповіч] будзе мець права на дваццаць год арандаваць тую паўдзесяціну. Чорны.
старгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; зак., каго-што.
Таргуючыся, дамовіцца пра цану чаго‑н. Патупаўшы па рынку і не знайшоўшы нікога з Выганаў, Лабановіч старгаваў за рубель возніка. Колас. // Таргуючыся, купіць. Паехаў [Антось] некуды, старгаваў зруб і прызнаў яго вадою ў Смольню. Лужанін.
старго́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да старгавацца.
2. Зал. да старгоўваць.
старго́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да старгаваць.
ста́рка, ‑і, ДМ ‑рцы, ж.
Гатунак вытрыманай моцнай гарэлкі. Палкоўнік сказаў, як адрэзаў, І старкі для моцы глынуў. Грамыка.
старні́раваны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад старніраваць.