Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.

2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.

інтрыга́н, ‑а, м.

Той, хто робіць інтрыгі (у 1 знач.); нагаворшчык. Палітычны інтрыган. □ Даволі адкрыць, што побач з табой не даносчык, не інтрыган, — і як мяняецца настрой. Шамякін.

[Фр. intrigant.]

інтрыга́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да інтрыган.

інтрыга́нскі, ‑ая, ‑ае.

Уласцівы інтрыгану, інтрыганцы. Інтрыганскія ўчынкі.

інтрыга́нства, ‑а, н.

Паводзіны і ўчынкі інтрыгана, інтрыганкі.

інтрыго́ўны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да інтрыгі (у 2 знач.). І ўсюды кожная рыска гэтага малюнка захапляе, хвалюе сама па сабе, з’яўляецца інтрыгоўнай і важнай у сюжэце. Клімковіч.

інтрыгу́ючы, ‑ая, ‑ае.

Які інтрыгуе, зацікаўлівае, узбуджае інтарэс сваёй таямнічасцю. Інтрыгуючая назва кнігі. □ — А вы не пашкадуеце потым, калі даведаецеся, аб чым ідзе гутарка? — з інтрыгуючай нахабнасцю, нібы пагражаючы, цягнуў далей незнаёмы. Машара.

інтры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы; Р мн. ‑жак; ж.

1. Памянш. да інтрыга (у 1 знач.). Пошлая інтрыжка. □ Згіньце, Пігмеі і душагубы, Аматары склок І майстры інтрыжак. Кірэенка.

2. Мімалётная любоўная сувязь. Любоўная інтрыжка. □ Адчувалася, нібы і пад гэтай меднай грыўкай, гулліва навісаўшай на лоб, калышуцца цьмяныя думкі, якія ніяк не ўкладваюцца ў сталы, прызвычаены свет яе [Любіных] інтарэсаў: інстытуцкія хлопцы, дзяўчаты, нявінныя інтрыжкі. Лынькоў.

інтуітыві́зм, ‑у, м.

Рэакцыйны суб’ектыўна-ідэалістычны напрамак у буржуазнай філасофіі эпохі імперыялізму, які імкнецца прынізіць навуковае, лагічнае пазнанне, супроцьстаўляючы яму інтуіцыю (у 2 знач.).

інтуітыві́ст, ‑а, М ‑сце, м.

Паслядоўнік інтуітывізму.