Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

фарао́наўскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да фараона (у 1, 2 знач.).

фа́рба, ‑ы, ж.

1. Рэчыва, што надае той ці іншы колер прадметам, якія яно пакрывае або пасылае. На моцных «пульманах» У фарбе свежай Мільгаюць самазвалы, Трактары. Астрэйка. З расчыненых дзвярэй пацягнула насустрач знаёмымі пахамі друкарскай фарбы і спрасаванай паперы. Хадкевіч. Удзень тут працавалі маляры, і ў клубе моцна пахла фарбай. Шамякін. [Данік] кладзе, як і трэба, спачатку светла-жоўтую фарбу, дадаўшы да яе крышку зялёнай... Брыль. // Слой такога рэчыва на якім‑н. прадмеце. Насупраць вялікага дома Крушынскіх, стаяла сіняя драўляная хатка. З-пад фарбы на сценах, якая вісела шматкамі, выступала шараватае дрэва. Бядуля. // Разм. Памада, туш і інш. касметычныя сродкі. Нават губы, асіметрычна скрыўленыя, густа намазаныя яркай фіялетавай фарбай, не парушалі прыемнага ўражання. Шыцік. [Дзяўчына] плакала і разам са слязамі абцірала з твару сляды фарбы. Мікуліч.

2. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў). Барва, колер, тон. Цьмянасцю пакрываліся ўсе яркія шматкаляровыя фарбы асенняй прыроды... Краўчанка. Фарбы неба і вады мяняліся кожную хвіліну, і было ад гэтай прыгажосці чамусьці сумна. Адамовіч. За акном набірала фарбы вераснёвая раніца. Карпаў.

3. звычайна мн. (фа́рбы, ‑аў); перан. Выразныя сродкі мовы, музыкі, сцэнічнага мастацтва і пад.; яркасць апісання ўяўленняў. Багдановіч.. узбагаціў беларускую паэзію новымі матывамі і фарбамі. Гіст. бел. сав. літ. Мікіта падрабязна расказаў пра ўсе затонскія падзеі, не пашкадаваў фарбаў, каб абмаляваць Чыкілевіча і ўсе яго махінацыі. Колас.

4. Румянец; прыліў крыві. На.. твары [Рыгора] грала чырвоная фарба здароўя. Гартны. Гарачая фарба заліла твар дзяўчыны. Бажко. Раптам твар .. [Лены] пачаў траціць сваю фарбу. Ваданосаў.

•••

Згусціць фарбы гл. згусціць.

[Ням. Farbe — фарба.]

фарбава́льнік, ‑а, м.

Рэчыва, якое выкарыстоўваецца для фарбавання. Арганічныя фарбавальнікі. Штучныя фарбавальнікі.

фарбава́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да фарбавання. Фарбавальны цэх. // Прызначаны для фарбавання. Фарбавальная машына.

2. Які мае ў сваім складзе фарбу, служыць для афарбоўвання. Фарбавальнае рэчыва. Фарбавальныя расліны.

фарбава́льня, ‑і, ж.

Майстэрня або цэх, дзе фарбуюць тканіны.

фарбава́льшчык, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па фарбавальнай справе.

фарбава́льшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да фарбавальшчык.

фарбава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. фарбаваць (у 1, 3 знач.).

фарбава́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад фарбаваць.

2. у знач. прым. Пакрыты фарбай. Фарбаваная падлога. □ Гаспадар прырыхтаваў ужо.. [салдату] лапці, .. вопратку — кароткую, з фарбаванага палатна. Чорны.

фарбава́р, ‑а, м.

Спец. Рабочы тэкстыльнай вытворчасці, заняты прыгатаваннем фарбы для афарбоўкі тканін.