успа́цца, усплюся, успішся, успіцца; успімся, успіцеся; зак.
Моцна спаць. [Маці:] — Ды ўстань жа ты, Жэнька! Вось успалася! Крапіва.
успе́ецца, безас. зак.
Можна паспець, няма куды спяшацца. А чаму яны [каровы] такія мурзатыя ды лахматыя? Гэта бачыла і раней даярка, але неяк адкладвалася само сабою: ат, успеецца, пачышчу, мае не горшыя за іншых... Бялевіч.
успе́нены, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад успеніць.
2. у знач. прым. Пакрыты пенай. Навекі запомніў душой камуніста.. На ўспененых конях, пад сцягам агністым З байцамі ўляцеў у сяло. Бялевіч.
успе́ніцца, ‑ніцца; зак.
Пакрыцца пенай, ператварыцца ў пену. Успенілася піва.
успе́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.
Утварыць пену, ператварыць у пену. Стары пад’ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага. Караткевіч.
успе́ньвацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да успеніцца.
2. Зал. да успеньваць.
успе́ньваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да успеніць.
успе́рці, узапру, узапрэш, узапрэ; узапром, узапраце; пр. успёр, ‑перла; зак., каго-што.
Разм.
1. Падняўшы, ускласці што‑н. цяжкае, грувасткае на каго‑, што‑н., куды‑н. Усперці мяшок на спіну.
2. Надзець, абуць што‑н. цеснае. Боты цесныя, ледзь успёр на ногі.
3. Абаперці (рукі, ногі і пад.) на каго‑, што‑н. Лапы сам [заяц] На пень успёр, Азірнуў натоўп і бор. Калачынскі.
4. Узнесці. Усперці шафу на чацвёрты паверх.
5. перан. Пералажыць якія‑н. цяжкія абавязкі, віну і пад. на каго‑н. другога. Добра, што Лейкі не было. А каб была! Яна б завыла, залямантавала, вылаяла б увесь свет, а потым усю віну ўсперла б на Алтара. Чарнышэвіч.
успе́рціся, узапруся, узапрэшся, узапрэцца; узапромся, узапрацеся; пр. успёрся, ‑перлася; зак.
Разм.
1. Абаперціся, аблакаціцца на каго‑, што‑н. Стары давалокся да стала знясілены, усцягнуўся на край лавы і ўспёрся ўпалымі грудзямі на стол. Кірэенка. Нехта зноў свіснуў, ужо трохі смялей. Чалавек адказаў яму такім жа свістам і зноў успёрся на локаць. Крапіва. — Не, мне няцяжка, — бадзёра адказвае Косцік. А самому робіцца шкада маткі. Вунь якая яна. Белая і ледзь ідзе. — Ты ўзапрыся на мяне, узапрыся, пойдзем памаленьку, — гаворыць ён. Арабей.
2. Узлезці, узабрацца куды‑н., на што‑н. Адась успёрся на [плот] і пачаў глядзець на балота пад узгоркам. Чорны.
3. Рана ўстаць. Успёрся ў такую рань. □ А заспяваюць другія пеўні — ногі самі сабой ссоўваюцца з ложка. Дзіва — і мёртвы ўстаў бы, калі стары, крэкчучы, успёрся, пачаў сноўдацца па хаце. Мележ.
успе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Змагчы зрабіць што‑н. своечасова, у тэрмін. За свае дваццаць шэсць год.. [Кастусь Каліноўскі] ўспеў зрабіць многае. С. Александровіч. І посуд Алеся прыбрала, І ўспела схадзіць на раку. Калачынскі. // Прыйсці ў які‑н. стан за які‑н. час. Малако ўспее за дзень скіснуць. // Прыбыць куды‑н. у час, не спазніцца. [Брадзнік:] — Няма калі чакаць, бабуля.. Дадому трэба дабірацца.. — Даедзеце шчэ, успееце. Кандрусевіч.
•••
Не ўспець (што‑н. зрабіць) як... — тое, што і не паспець (што‑н. зрабіць) як... (гл. паспець 2). [Жанчына:] — Вы яшчэ і падняцца не ўспееце, як .. [гаспадар] можа вярнуцца. Кулакоўскі.