ла́ндыш, ‑а, м.
Шматгадовая травяністая расліна з прадаўгаватымі лістамі і дробнымі белымі пахучымі кветкамі ў форме званочкаў. З зямлі прабіліся глянцавітыя трубкі ландышаў. Хомчанка.
ла́ндышавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да ландыша. Ландышавы ліст. // Прыгатаваны з ландышаў. Ландышавыя каплі.
ланжэро́н, ‑а, м.
Спец. Асноўны сілавы элемент (у раме аўтамабіля, уздоўж крыла або корпуса самалёта, у некаторых лодках і інш.) для замацавання частак, надання трываласці.
[Фр. longeron.]
лані́ты, ‑ніт; адз. ланіта, ‑ы, ДМ ‑ніце, ж.
Уст., паэт. Шчокі.
ла́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Самка аленя.
ланка́стэрскі, ‑ая, ‑ае.
Звязаны з дзейнасцю Дж. Ланкастэра.
•••
Ланкастэрская сістэма навучання гл. сістэма.
Ланкастэрская школа гл. школа.
[Ад імя англійскага настаўніка Дж. Ланкастэра.]
ланса́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.
У спорце — круты і высокі скачок верхавога каня.
[Фр. lançade.]
ланта́н, ‑у, м.
Хімічны рэдказямельны элемент, белы метал, які акісляецца ў паветры і гарыць пры награванні.
ланцу́г, ‑а, м.
1. Рад аднолькавых металічных звенняў, паслядоўна злучаных адно з адным. Ланцуг якара. □ Дзядзька Алесь з важатым ускацілі камель абрэзанай калоды на сані і прывязалі ланцугом. Якімовіч. // толькі мн. (ланцугі́, ‑оў). Аковы, кайданы. Трое стражнікаў абхапілі з усіх бакоў, надзелі ланцугі.. на чорныя мазолістыя рукі Андронавы. Каваль. Ішлі на пошукі схаваных скарбаў у ланцугі закованыя людзі. Дубоўка. // перан. Тое, што скоўвае свабоду, волю, гняце каго‑н. На зямлі раскутай Носяць шум вятры: «Бальшавіцкім гневам Знят ланцуг пакуты, — Вы — гаспадары!» Колас.
2. Суцэльны рад, сукупнасць каго‑, чаго‑н. Ланцуг электрычных агнёў. □ З дзвярэй фанернага цэха выпаўзаў .. ланцуг пустых ваганетак. Чорны. // Лінія байцоў, размешчаных на пэўнай адлегласці адзін ад другога. Ланцуг аўтаматчыкаў. Рассыпацца ў ланцуг. □ Ланцуг чырвонаармейцаў ляжаў перад узгорачкам. Дудо. // Рад гор. Горны ланцуг.
3. перан. Бесперапыннае ўзаемазалежнае развіццё чаго‑н.; паслядоўны рад падзей, думак і пад. Ланцуг асацыяцый. □ Нават і так званыя шкодныя драпежнікі маюць пэўнае значэнне ў агульным ланцугу заканамернасцей прыроды. В. Вольскі.
4. Спец. Устаноўка з шэрагу злучаных між сабой элементаў, якія ўтвараюць суцэльную лінію. Электрычны ланцуг. Ланцуг правадоў.
5. у знач. прысл. ланцуго́м. У рад, адзін за другім. Беглі хутка ланцугом партызаны. Мележ.
•••
І на ланцугу (ланцугом) не зацягнеш гл. зацягнуць.
На ланцугу не ўтрымаць гл. утрымаць.
Пасадзіць на ланцуг гл. пасадзіць.
Як з ланцуга сарваўся гл. сарвацца.
ланцуго́вы, ‑ая, ‑ае.
1. З ланцугамі, на ланцугах; які дзейнічае з дапамогай ланцугоў. Ланцуговая перадача. Ланцуговы мост.
2. Размешчаны адзін за другім падобна звенням ланцуга.
•••
Ланцуговая рэакцыя гл. рэакцыя.