Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

успаміна́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да успомніцца.

2. Зал. да успамінаць.

успаміна́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успомніць, успамянуць.

•••

Не ўспамінай (не ўспамінайце) ліхам — тое, што і не памінай (не памінайце) ліхам (гл. памінаць).

Успамінаць добрым словам — тое, што і памінаць добрым словам (гл. памінаць).

успамяну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад успамянуць.

успамяну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.; каго-што, пра каго-што і з дадан. сказам.

Разм. Тое, што і успомніць. Ужо шмат чаго ўспамянулі і перагаварылі мы, калі ў пакой увайшоў чалавек у форме афіцэра Чэхаславацкай арміі. Мележ. Люба ўспамянула, што ёй час дахаты, — казалі ж, каб не бавілася. Мурашка.

успаро́цца, успаруся, успорашся, успорацца; зак.

Разм.

1. Нечакана наткнуцца на каго‑, што‑н. Седзячы за рулём, .. [Каваль] мала аглядаўся па баках, быў заняты дарогай, увага канцэнтравалася на тым, каб не ўспароцца на стрэчныя машыны. Савіцкі.

2. Рана ўстаць, прачнуцца. — От жа ранняя птушка... — паківала галавою маці. — Спаць ды спаць бы яшчэ, а ён успорацца ні свет ні зара. С. Александровіч. Панця ўспароўся недзе каля першых пеўняў, пакрактаў, пастагнаў на ложку і пачаў марудна, нехаця збірацца... Кулакоўскі.

успаро́ць, успару, успораш, успора; зак., каго-што.

1. Падчапіўшы чым‑н. вострым, распароць, разрэзаць. Успароць мяшок. □ Бляшанку кансерваў разрэзалі, успаролі нажом, адкаркавалі і паўлітэрка. Сачанка.

2. Разм. Разбудзіць, падняць рана. [Сцяпан:] Забаўляйся тут з Паўлінкай, а я прыкархну трохі... Сягоння яшчэ дасвета мяне мая ўспарола. Купала. // Узагнаць са свайго месца. [Пушкарэвіч:] — З-за вашага брата-рыбака ніводнай качкі сядзячай не возьмеш, усюды ўспоруць. Гурскі. Летась, успамінае Ульяна, такой парой, косячы, успаролі ў гэтым кутку ласіху. Пташнікаў.

успа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце, ‑падуць; пр. успаў, ‑пала; зак., на каго-што.

Разм.

1. Напасці з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. [Сяргей:] — Як драпежныя рабаўнікі, успалі магнаты на наша народнае багацце. Машара. / у перан. ужыв. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ўночы, і ўдзень. Гілевіч.

2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі і пад. — Чаго ты прычапіўся да дзіцяці? — успала матка. Баранавых. У хаце Каця не прамінала пры гэтым на мужа ўспасці: Зноў аднае дзындры набраў. Лобан.

3. Выпадкова трапіць, набрысці на што‑н. Успасці на след.

•••

Успасці на думку каму — тое, што і прыйсці на думку каму (гл. прыйсці).

успаўза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. успаўзаць — успаўзці.

успаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успаўзці.

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.