Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стрыж, ‑а, м.

Невялікая птушка сямейства стрыжоў з доўгімі вострымі крыламі.

стры́жаншчык, ‑а, м.

Рабочы-фармаўшчык, які вырабляе стрыжні для ліцейных форм.

стры́жаншчыца, ‑ы, ж.

Жан. да стрыжаншчык.

стры́жаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад стрыгчы.

2. у знач. прым. З кароткімі, падстрыжанымі валасамі. Стрыжаная галава. □ Ахопленыя бескарыслівым юнацкім прароцтвам,.. [сябры], вядома, не думалі, што ты будзеш тлумачыць стрыжаным першакласнікам сэнс вялікіх і малых літар. Навуменка. // З падрэзанай травой, галінамі, дрэвамі. Стрыжаны газон.

стры́жань, ‑жня, м.

1. Унутраная частка сцябла (ствала) або кораня раслін. У бярвенні, мабыць, адна абалонка, а стрыжань ужо спарахнеў. Сабаленка. Любіў сядзець .. і дзівіцца, як лоўка выкручвае дзед стрыжань зрэзанай на дудку хвойкі. Марціновіч. // Сярэдняя частка чаго‑н. у жывёльным або раслінным арганізмах. Стрыжань птушынага пяра.

2. Спец. Прадмет прадаўгаватай формы, які звычайна з’яўляецца воссю або апорай чаго‑н. Стрыжань поршня. // Унутраная частка электрамагніта з абмоткай з дроту.

3. Глыбокае месца ў рэчышчы ракі, месца з самым хуткім цячэннем у рацэ. Наперадзе заўжды ішоў Ціхан — брыгадзір лепшай у арцелі брыгады і Бамбалаў сусед. Ён першы садзіўся на вёслы і вёў свой баркас на самы стрыжань ракі. Карамазаў. Лодка ўвішна выкручвалася на быстрай плыні стрыжня. Брыль.

4. Разм. Цвёрды асяродак варыва. Стрыжань скулы.

5. перан.; чаго. Асноўная, галоўная, цэнтральная частка чаго‑н. Да лепшых [вершаў] трэба аднесці тыя, дзе аўтару ўдалося знайсці нейкае драматычнае зерне, нейкі канфліктны стрыжань. Бярозкін. // Тое, асноўнае, што характэрна каму‑, чаму‑н. Лірыка-інтанацыйны прынцып канчаткова аформіўся, стаў стрыжнем індывідуальнай манеры Я. Брыля ў рамане «Птушкі і гнёзды». У. Калеснік.

стрыжаня́ і стрыжанё, ‑няці; мн. няты, ‑нят; н.

Птушаня стрыжа.

стры́жка, ‑і, ДМ ‑жцы, ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. стрыгчы (у 1 знач.).

2. Спосаб падстрыгання валасоў, форма прычоскі. Медная стрыжка. Стрыжка пад бокс.

•••

Нулявая стрыжка — стрыжка нагала.

Стрыжка купонаў — атрыманне рэнты, працэнтаў з каштоўных папер.

стрыжнёвы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стрыжня (у 1 знач.), з вялікім стрыжнем (пра драўніну). Стрыжнёвы корань канюшыны.

2. Які мае адносіны да стрыжня (у 2, 3 знач.). // Са стрыжнем. Стрыжнёвы трансфарматар.

3. перан. Асноўны, галоўны. Стрыжнёвая праблема канферэнцыі.

стрыжнявы́, ‑ая, ‑ое.

Разм. Тое, што і стрыжнёвы (у 1, 3 знач.). Пачуццё асабістай годнасці і актыўнасць натуры — стрыжнявыя рысы характару маці з верша «Ткала я, ткала палотны». У. Калеснік.

стрыжо́ў, ‑ова.

Які належыць стрыжу. Стрыжова гняздо.