Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

котлападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму катла. Котлападобная каска.

ко́тлішча, ‑а, н.

Абл.

1. Месца жыхарства, сяліба. Самы старэйшы сын, Міця, радзіўся яшчэ на дзедавым котлішчы. Навуменка.

2. Род, сям’я. — А паганскі гэты Бераг хлопец; такі хуліган, такі абармот; ды ці ж хто ў Сілцах не ведае іх котлішча!?. Гартны.

ко́тнасць, ‑і, ж.

Фізіялагічны стан котнай авечкі, казы.

ко́тная,

Цяжарная (пра авечку, казу). Авечка аказалася котная, як відаць, гаспадар пакідаў яе на племя. Паслядовіч.

ко́ўдра, ‑ы, ж.

Пасцельная рэч, якой накрываюцца. Шарсцяная коўдра. □ Накрыўшыся з галавою коўдрай, спаў самы меншы пляменнік Якуб, найлепшы дзядзькаў прыяцель. Колас.

ко́ўзанка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Разм. Расчышчанае месца, пакрытае лёдам, для катання; каток. Убачыць зімой на тратуары коўзанку — і няхай сабе тут людзі не людзі, а яна [жонка], як маленькая — раз і пакаўзнулася... Васілевіч.

ко́ўзанне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. коўзацца.

ко́ўзацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Разм.

1. Ссоўвацца са свайго месца, не ўтрымліваючыся на гладкай, слізкай паверхні; слізгацца. Чалавек шырока махае рукамі, коўзаецца ботамі па слізкай дарозе і паціху ідзе, пазіраючы сабе пад ногі. Галавач. // Слізгаць, слізгацець. Ногі грузнуць па самыя шчыкалаткі і коўзаюцца назад. Дуброўскі.

2. Катацца па слізкай паверхні. Хлапчукамі большую частку нашага вольнага часу мы праводзілі на гэтай рацэ — зімою коўзаліся на каньках. Глебка.

ко́ўзаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Тое, што і коўзацца (у 1 знач.); слізгаць. Боты коўзалі па размяклых камяках зямлі. Быкаў. // Вадзіць, соўгаць па якой‑н. паверхні. Ляксей, пачуўшы перасцерагальны голас Данькі, пачаў коўзаць па падлозе нагамі. Ермаловіч.

ко́ўзка, безас. у знач. вык.

Разм. Пра слізкую дарогу ў час галалёдзіцы або дажджу. Ісці было коўзка, і Арына моцна трымалася за Міхала. Карпаў.