інсцэні́равацца, ‑руецца; незак.
Зал. да інсцэніраваць.
інсцэні́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак. і незак., што.
1. Перапрацаваць (перапрацоўваць) які‑н. апавядальны твор для пастаноўкі яго ў тэатры, кіно, на тэлебачанні. Інсцэніраваць для экрана трылогію Якуба Коласа «На ростанях».
2. перан. Прыкінуцца (прыкідвацца) кім‑, чым‑н., прытворна зрабіць (рабіць) што‑н. з намерам выдаць яго за сапраўднае. Інсцэніраваць істэрыку. □ Каб падмануць карнікаў, невялікая група партызан інсцэніравала ўначы прарыў на захад, у палескія лясы. Шамякін.
[Ад лац. in — на і scena — сцэна.]
інсцэніро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
1. Дзеянне паводле дзеясл. інсцэніраваць (у 1 знач.). Інсцэніроўка апавядання.
2. Інсцэніраваны твор, спектакль. Ставіць інсцэніроўкі. Інсцэніроўка аповесці М. Лынькова «Міколка-паравоз».
3. перан. Дзеянне паводле дзеясл. інсцэніраваць (у 2 знач.); разыгрыванне. Капітану стала ясна — забітага неслі ад дарогі, бой — звычайная імітацыя, інсцэніроўка... Ваданосаў.
інтаксікацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Выкліканы інтаксікацыяй. Інтаксікацыйнае захворванне.
інтаксіка́цыя, ‑і, ж.
1. Атручэнне арганізма ядавітымі рэчывамі (таксінамі). Дыфтэрыйная інтаксікацыя. Алкагольная інтаксікацыя.
2. Прымяненне ядаў для засцярогі раслін ад шкодных насякомых. Інтаксікацыя раслін.
[Ад лац. in — у і грэч. toxicon — яд.]
інтанава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. інтанаваць.
інтанава́ць, ‑ную, ‑нуеш, ‑нуе; незак.
Вымаўляць або выконваць што‑н. з якой‑н. інтанацыяй. Правільна інтанаваць. Фальшыва інтанаваць.
інтанацы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да інтанацыі. Інтанацыйная чысціня выканання арыі. Інтанацыйны пераход. Інтанацыйны малюнак верша.
інтана́цыя, ‑і, ж.
1. Тон, характар вымаўлення, якія выражаюць пачуццё таго, хто гаворыць, яго адносіны да прадмета гутаркі, асаблівасці яго душэўнага складу. Аратарскія інтанацыі. Начальніцкія інтанацыі. □ — Галачка, адчыніце, малю вас, — скавытаў .. [Блажэвіч] з драматычнай інтанацыяй у голасе. Рамановіч. — Вы мяне ўсхвалявалі, — сказаў Вэня з бяздушнай інтанацыяй гэту штучную фразу. Чорны.
2. Рытміка-меладычны лад мовы, чаргаванне павышэнняў і паніжэнняў тону пры вымаўленні. Пытальная інтанацыя. Размоўная інтанацыя.
3. Дакладнае па вышыні выкананне ўсіх музычных гукаў.
•••
Сыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым паніжэннем тону.
Узыходная інтанацыя — інтанацыя з паступовым павышэннем тону.
[Іт. intonazione.]
інта́рсія, ‑і, ж.
Драўляная інкрустацыя. Традыцыі інтарсіі.
[Ад лац. intarsio — інкрустацыя.]