Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да усунуцца (у 1, 3 і 4 знач.).

2. Зал. да усоўваць.

усо́ўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усунуць.

усо́хлы, ‑ая, ‑ае.

1. Які высах, стаў вельмі цвёрдым ад высыхання. Па цвёрдай усохлай зямлі прагрукацела.. салдацкая двухколка. Лобан.

2. Які засох, зачах. На селішчы.. яшчэ стаяла раскідзістая, старая, ужо ўсохлая верхнім галлём дзічка. Ракітны.

усо́хнуцца, ‑нецца; пр. усохся, усохлася; зак.

Зменшыцца ў вазе, аб’ёме пры высыханні. Усохлася зерне.

усо́хнуць, ‑не; пр. усох, ‑ла; зак.

1. Стаць, зрабіцца цвёрдым ад высыхання. Зямля ўсохла.

2. Зменшыцца ў вазе, аб’ёме пры высыханні; высахнуць.

3. Засохнуць, зачахнуць. Раніцаю ў сад прыйшоў гаспадар. Агледзеў яблыньку і са злосцю вылаяўся: праз адну галінку, маўляў, можа такая добрая яблыня без пары ўсохнуць... Сачанка.

усо́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усачыць.

успада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успасці.

успамі́н, ‑у, м.

1. Узнаўленне ў думках таго, што захавалася ў памяці. Вярнуўшыся ў купэ, Рыта зноў падсела да акна і аддалася ўспамінам аб сваіх нядаўніх універсітэцкіх сябрах. Васілевіч.

2. толькі мн. (успамі́ны, ‑аў). Запіскі, расказы аб мінулым, перажытым. Пісаць успаміны. Вечар успамінаў. □ Усе слухалі ўспаміны старога, нібы казку, — жывы летапіс сваіх мясцін. Новікаў. — Ну, калі на тое пайшло, што заняліся ўспамінамі, — усміхнуўшыся, загаварыў Катлярэвіч, — то і мне ёсць пра што сказаць. Гурскі.

•••

Лёгкі на ўспамін гл. лёгкі.

На ўспамін — для таго, каб доўга помнілі, не забывалі каго‑, чаго‑н. (даць, падарыць і пад.).

успамі́нак, ‑нку, м.

Разм. Тое, што і успамін. Сябры скарысталі вясёлы свой настрой для розных смешных успамінкаў і далі волю нестрыманаму смеху. Колас. Хвалі быстра ляцяць удаль адна за адной, успамінкі нясуць дарагія. Гурло.

успаміна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. успамінаць — успомніць, успамянуць.