стрыга́ль, ‑я, м.
Разм. Тое, што і стрыгальшчык.
стрыга́льны, ‑ая, ‑ае.
Прызначаны для стрыжкі. Стрыгальная машына.
стрыга́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, спецыяліст па стрыжцы.
стрыгу́н, ‑а, м.
Аднагадовае жарабя, якому звычайна падстрыгаць грыву. [Пракоп:] — Конь мне прыйшоўся, а .. [сыну] — стрыгун. Баранавых. // перан. Разм. Падлетак. — Ну, а па фурманку ты гэтага стрыгуна свайго заўтра падашлеш, — ківаў .. [брыгадзір] на Якіма, трымаючыся за клямку. Дуброўскі.
стрыгуно́к, ‑нка, м.
Тое, што і стрыгун. Гэтага Тромб не баяўся, ён помніў, як ляскалі пугі на выпасе чыстакроўных коней, дзе ён бегаў стрыгунком. Караткевіч.
стрыгу́чы, ‑ая, ‑ае.
У выразе: стрыгучы лішай — інфекцыйная грыбковая хвароба скуры чалавека і жывёл.
стры́гчы, стрыгу, стрыжэш, стрыжэ; стрыжом, стрыжаце, стрыгуць; пр. стрыг, ‑ла; незак., каго-што.
1. Зразаць. падрэзваць ножкамі, машынкай (валасы, шэрсць і пад.). Стрыгчы шэрсць. Стрыгчы бараду. □ Летам гаспадар прыбірае валасы пад капялюш, а зімою стрыжэ коратка. Бажко. // Зразаць, падразаць каму‑н. валасы, шэрсць. У школе ёсць машынка. На школьным дварэ ў часе перапынку стрыжэ настаўнік сваіх маленькіх вучняў. Колас. Проста дзівы творыць электрычнасць: нават кароў доіць і авечак стрыжэ... Якімовіч. // Падразаць, караціць траву, галінкі і пад. У старажытным парку ўлетку стрыгуць газоны. Грачанікаў. // Спец. Падразаць, падраўноўваць ворс на тканіне. Стрыгчы бобрык.
2. Падразаць валасы якім‑н. спосабам; стрыгчыся. Стрыгчы валасы пад бокс.
•••
Стрыгчы вачамі — наглядваць на каго‑н., кідаць позіркі на каго‑н. Сват Рыгорка стрыг вачамі, стараючыся непрыкметна кінуць позіркі на маладуху, улавіць яе настрой. Дуброўскі.
Стрыгчы вушамі — паводзячы вушамі, прыслухоўвацца (пра коней, зайцаў).
Стрыгчы купоны — жыць на рэнту, на працэнты з каштоўных папер.
Стрыгчы ўсіх пад адзін грэбень — раўняць усіх у якіх‑н. адносінах, падганяць пад адно.
стры́гчыся, стрыгуся, стрыжэшся, стрыжацца; стрыжомся, стрыжацеся, стрыгуцца; пр. стрыгся, ‑лася; незак.
1. Падстрыгацца, стрыгчы сабе валасы. Ён не вельмі ахайны, Іван, па тры месяцы не стрыжэцца, не абразае пазногцяў, але што датычыць чыгуначных зводак, то тут ён педантычны, нібы бухгалтар. Навуменка.
2. Насіць валасы, падстрыжаныя якім‑н. чынам; насіць кароткія валасы, пастаянна падстрыгаць іх. Валасы .. [Данусі] былі падстрыжаны так, як стрыгуцца кітайскія дзяўчаты. Карпюк.
3. Зал. да стрыгчы (у 1 знач.).
стрые́чны, ‑ая, ‑ае.
Які знаходзіцца ў сваяцтве па дзеду ці бабцы з дзецьмі іх сыноў або дочак; дваюрадны. Стрыечны брат (сын дзядзькі або цёткі). □ За .. [Ганьку] заступаюцца стрыечныя сёстры: — А вам [дзеду] там цесна, лежачы на печы? Абы чапляцца да дзіцяці. Васілевіч.