Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

старамо́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Зроблены па старой мадэлі, пашыты па старой модзе; які выйшаў з моды. Старамодны капялюш. Старамодная мэбля. □ З мэблі, што мне відна, — шафа, круглы стол пад квяцістым абрусам, на ім буйны старамодны будзільнік. Ракітны. Зазвінеў старамодны, з нікеляванымі каўпачкамі тэлефон, Глушко паспешліва зняў трубку. Навуменка.

2. Які не адпавядае сучаснасці, уласцівы мінулым часам. Старамоднае выхаванне. Старамодныя манеры. □ Лапшын славіўся на заводзе старамоднымі бакенбардамі. Асіпенка. // Які прытрымліваецца ўстарэлых поглядаў, прывычак. «Памдзей» аб’ездчык быў не шкодны: Так, чалавек ён старамодны І не такі, як Ворцюх, зыркі І меней здольны на прыдзіркі. Колас.

старана́, ы́; мн. сто́раны (з ліч. 2, 3, 4 стараны́), старо́н; ж.

1. Тое, што і бок (у 1–3 і 7 знач.). У свеце чатыры Усяго стараны. Хто добры і шчыры — Не цесны яны. Гаўрусёў. Той, хто сынам можа звацца Беларускай стараны, Будзе да канца змагацца На крутых франтах вайны. Астрэйка. Убачыўшы чалавека са сваёй стараны,.. [Кандрат] заварушыўся, рвануўся да яго і адразу сыпануў словамі. Чорны. О, колькі ў нашай ціхай старане Магіл салдат, яшчэ ўсё невядомых!.. Мая зямля ім стала родным домам, Ім, смерцю храбрых паўшым на вайне. Рудкоўскі. Абедзве стараны згадзіліся памірыцца. Скрыган.

2. Абл. Палавіна гумна ад току да сцяны; бок гумна. [Зоська:] — Мне трэба было да паўдня жаць, а тады ісці ў гумно пад авёс старану вычысціць, а я не пайшла. Чорны. Другую старану [у гумне] цесна, ледзь не да самага вільчыка, поўнілі роўныя рады снапоў. Мележ.

3. Прамая лінія, якая абмяжоўвае геаметрычную фігуру. Старана квадрата. Стараны вугла.

4. у знач. прысл. стараной (‑ою). У абход, ідучы на пэўнай адлегласці ад чаго‑н. Гаспадары не любілі чужых вачэй. Людзі ведалі гэта і аб’язджалі хутар стараною. Пальчэўскі. Сонца сумысля знізіцца, пройдзе недзе стараной, каб быць незаўважаным, на крайку небасхілу. Ермаловіч. // Між іншым. Ды тут замецім стараною: Ці не з’яўляецца маною — Прашу прабачыць мне за слова — Уся гэта райская размова? Колас. // перан. Не непасрэдна, з іншых крыніц. [Валі] не падабаецца, што .. [Сашка] зусім забыўся на свайго бацьку, раз у гады два даведаецца стараной, што той працуе і жыве добра. Чорны.

•••

Мая (твая, яго, яе, наша, ваша, іх) справа старана гл. справа.

На старане — не ў сябе, не дома, у чужым месцы (працаваць, служыць і пад.). Беднасць і малазямелле змушалі клінкоўцаў шукаць заработку на старане. Колас. Думаў [Юзік] спачатку на старане дзе-небудзь шукаць [грошы] у чужых людзей, у суседзей, ды не было ў каго вельмі прасіць. Крапіва.

На старану — куды-небудзь у іншае месца, не па прызначэнню (збываць, прадаваць і пад.).

У старане — а) на некаторай адлегласці, воддаль. Лёгкі вецер шолахам Траў не калыхне, Недзе цені-сполахі Спяць у старане. Бачыла; б) не разам з усімі, асобна.

старані́цца, ‑ранюся, ‑ронішся, ‑роніцца.

Незак. да пастараніцца.

стара́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стараннага; дбайнасць, руплівасць. Я абавязаны пані Бажэне ўдвая: і за яе вялікую стараннасць паўней пазнаёміць нас з Прагай, і за тое, што калі б не яна, у мяне не адбылася б адна хвалюючая сустрэча. Краўчанка. Комлік першы ўбачыў .. [Дзіміну] і тут жа са стараннасцю ўзяўся за работу. Карпаў.

стара́нне, ‑я, н.

1. Стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. [Анэта] па-ранейшаму штодзень хадзіла на работу і ўкладвала ў яе ўсё сваё старанне і ўменне. Чарнышэвіч. У тым кутку, глухім і дзікім, Стараннем дзядзькавым вялікім І цяжкай працай хлебароба Набыта розная надоба. Колас.

2. звычайна мн. (стара́нні, ‑яў). Імкненні, намаганні дамагчыся чаго‑н. Толькі потым Галя даведалася, што ў гэтым выбуху была доля і яе старанняў. Няхай.

стара́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да работы, справы са стараннем; дбайны, руплівы. Старанны вучань. □ Адразу ж пацяплеў блакіт: Хвалю Вясны ўпартасць і людзей старанных, Якія будзяць раніцай зямлю І славяць мір у песнях палымяных. Калачынскі. У школьным гуртку юных тэхнікаў Андрэй быў самы старанны, ніхто не мог зрабіць такой мадэлі, як ён. Чарнышэвіч. // Які выражае стараннасць, сведчыць аб ёй. Старанная падрыхтоўка. □ На кавалку бляхі нечай стараннай рукой .. былі выпісаны акуратныя словы: «Калгас «Ленінскі шлях». Лынькоў.

старару́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які існаваў у перыяд рускага сярэдневякоўя, звязаны з ім. Стараруская музычная творчасць. Старарускія аповесці. // Такі, як у перыяд рускага сярэдневякоўя. Першапачаткова .. [галосныя літары] выконвалі на пісьме тыя ж функцыі, што і ў старарускіх помніках. Булыка.

2. Які здаўна належыць рускім. Старарускія землі.

старарэжы́мнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць старарэжымнага.

старарэжы́мнік, ‑а, м.

Разм. Прыхільнік старога, царскага рэжыму.

старарэжы́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да старога, царскага рэжыму. Яшчэ і папы тады, ярыя такія, старарэжымныя, былі, і з імі трэба было вытрымаць добрую сутычку. Ермаловіч. // Такі, як пры старым рэжыме; адсталы, аджыўшы. Старарэжымныя парадкі.