Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

струча́сты і стручы́сты, ‑ая, ‑ае.

Абл. Такі, у якога многа струкоў. А стручасты! Струкі — па дванаццаць гарошын! Дубоўка. Казачнік вельмі добра ведае, што казка абавязкова патрабуе добрай выдумкі, перабольшання. Таму ў яго калі стручысты гарох — дык абавязкова, па дванаццаць гарошын у струку. Сіпакоў.

стручкава́цца, ‑куецца; незак.

Абл. Даваць струкі, ісці ў струкі. Каб фасоля-павітушка расла і давала плады, ёй трэба .. яшчэ і памагчы падняцца ўгору. .. Толькі тады павітушка будзе цвісці і стручкавацца. Сачанка.

стручны́, ‑ая, ‑ое.

З вялікімі струкамі; багаты на струкі. Такі ж удалы гарох! Стручны, белы, чысты. Крапіва.

стручо́к, ‑чка, м.

Маленькі струк. Шышкі, чорныя стручкі акацый, з жалудамі скрозь грыбная, глеба. Вялюгін.

•••

Александрыйскі стручок — плады расліны касіі, якія выкарыстоўваюцца ў медыцыне як слабіцельны сродак.

стру́чча, ‑а, н., зб.

Струкі. Зерне ў струччы будзе зімаваць, калі ссыпаць дзе-небудзь нятоўстым пластом. Ермаловіч.

стру́шчаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад струшчыць.

стру́шчыць, ‑шчу, ‑шчыш, ‑шчыць; зак., каго-што.

Разм. Раскрышыць на дробныя часткі; раструшчыць. Абломкі хваставога апярэння маглі струшчыць ліхтар кабіны і забіць лётчыка. Алешка.

стрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Цярпліва вынесці, вытрымаць (што‑н. страшэннае, непрыемнае. нясцерпнае). Стрываць боль. □ Як цяжка ні будзе, — стрываем. Радзіма, не зганьбім цябе! Астрэйка. Колькі перанесла .. [маці] гора — ні адна жывая душа не стрывала б. Ваданосаў. // без дап. (звычайна з адмоўем). Стрымацца, утрымацца ад чаго‑н. (ад якіх‑н. слоў, учынкаў). Хлопчык не стрываў і, калі дзядзька выйшаў з хаты, спытаўся ў бацькі, навошта той гаварыў гэтак з Анісімам. Сачанка. Ды так ужо казёл абрыдзеў сабаку сваім прыставаннем, што Жук аднойчы не стрываў ды хваць яго з будкі за бараду! Брыль. Смажыць. Даўно апаражнілі бутэлькі з вадой, што былі ў дзяўчат. Акцызнік не стрываў — сышоў да Парыпанавай студні. Пташнікаў.

стрыво́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стрывожыць.

стрыво́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., каго-што.

1. Патрывожыць, патурбаваць каго‑н. Каб не стрывожыць .. [немца],.. [жанчына] ціхом адышлася, пасля пабегла. Чорны.

2. перан. Парушыць, перапыніць звычайны ход чаго‑н. Калі ж напад стрывожыць Жыццё маёй краіны — Ад ярых куль варожых Я марна не загіну. Глебка. // Парушыць спакой. Не стрывожыць цішы ліха. Гора сэрца не пратне. Жылка. / у паэт. ужыв. Калі сівым святлом стрывожыць крышталь-рубін, то ўспыхне ў ім прамень, які адразу можа граніт ператварыць у дым. Русецкі.

3. Разм. Зрушыць з месца. Стрывожыць сустаў.