Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

турыя́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Спартыўнае спаборніцтва атрадаў турыстаў. На рэспубліканскай турыядзе разыграны кубкі ў разрадах пешаходнага, воднага і велатурызму.

турэ́ль, ‑і, ж.

Прыстасаванне для ўстаноўкі і кругавога вярчэння пушкі або кулямёта на ваенных самалётах, караблях, танках і пад. З пярэдняй машыны даў .. чаргу кулямёт, пастаўлены на турэль. Сабаленка.

[Фр. tourelle.]

турэ́льны, ‑ая, ‑ае.

Забяспечаны турэллю, усталяваны на турэлі. Турэльны кулямёт.

турэ́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да турмы. Турэмныя сцены. □ У многіх [катаржан] на плячах зношаныя і падраныя турэмныя халаты, у другіх так-сяк пасшываныя кавалкі старых, парыжэлых аўчын, напамінанне пра былыя кажухі. Галавач. // Які абслугоўвае турму, працуе ў ёй. Спатканні звычайна адбывалася ў прысутнасці турэмнай варты. Колас. // Уласцівы турме, характэрны для турмы. Адзінай формай .. зносін [Каладкевіча і Паліванава] быў турэмны тэлеграф — перастук цераз сцяну. Мехаў. // Звязаны з турмой, са знаходжаннем у турме. Турэмныя творы Таўлая — жывы, хвалюючы дзённік рэвалюцыянера-камуніста з белапольскага астрога. Клышка. Арыштаваны быў і асуджан на доўгія гады турэмнага зняволення таксама і Вальтэр. Анісаў.

турэ́мшчык, ‑а, м.

Наглядчык у турме. Нявідны апынуўся ў круглай, маленькай камеры .. Турэмшчыкі выйшлі. Загрымеў ключ у замку, дзверы цяжка зачыніліся. Колас.

турэ́мшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да турэмшчык.

турэ́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да Турцыі, туркаў, які належыць, уласцівы ім. У вывучаных помніках выяўлена каля 140 цюркізмаў, пераважна слоў татарскай і турэцкай моў. Жураўскі. Дзед Астап проста сніць свае турэцкія баталіі. Лынькоў.

2. Як састаўная частка некаторых батанічных назваў. Турэцкі тытунь. Турэцкая лілія.

•••

Турэцкая шабля гл. шабля.

Як турэцкі святы — нічога не мае, бедны, голы.

тустэ́п, ‑а, м.

Амерыканскі парны бальны танец з двухдольным размерам, які быў пашыраны ў пачатку 20 ст. у Еўропе; музыка гэтага танца.

[Англ. two-step ад two — два і step — крок.]

тут, прысл.

1. У гэтым месцы. Цякла тут з лесу невялічка Травой заросшая крынічка. Абодва берагі каторай Лазняк, алешнік абступалі. Колас. Мы спыніліся. Далей няма шляхоў нам. Далей Масква. Тут нам стаяць насмерць. Панчанка. [Нахлябіч:] — Ты [Баляслаў] тут? А я думаў, што цябе даўно тут няма. Чорны.

2. У гэты час, у гэты момант, тады. І тут выявілася, што праваднік страціў арыенціроўку. Анісаў. Заплакаў тут горка Міколка. Лынькоў. А тут якраз і гаспадыня, надзеўшы сукню для гасцей, Шыбуе важна, як гусыня, І ветласць сыплецца з вачэй. Колас. // У гэтым, у даным выпадку; пры гэтых абставінах. На чарзе новыя клопаты: сяўба яравых. І тут механізатары павінны, як кажуць, сыграць першую скрыпку. Шымук.

3. у знач. часціцы. У спалучэнні з займеннікамі і прыслоўямі «як», «які», «дзе», «куды», «калі» ужываецца ў рытарычных пытаннях для ўзмацнення экспрэсіўнасці выказвання. Якуб Колас адказвае за тое, як напісана кніга, а .. Лазунок — за тое, як яна будзе надрукавана. І як тут пасля гэтага не ганарыцца? Брыль. // У спалучэнні з займеннікам «што» у рытарычных пытаннях ужываецца для ўзмацнення выказанага ім адмоўнага значэння. На што тут словы, калі і так усё зразумела.

4. у знач. часціцы. Выкарыстоўваецца пры пераходзе да якой‑н. тэмы, прыкладу. Ну, тут дзеўка бягом да начальніка. Здзівіла яго, што зноў з’явілася. Ракітны.

•••

Адна нага тут, другая там гл. нага.

І ўсё тут гл. усё.

Не тут кажучы (казана) гл. кажучы.

Там і тут; тут і там гл. там.

То там, то тут; то тут, то там гл. там.

Тут жа — адразу ж. — Людзі пераязджаюць на Каўказ і распрадаюць маёмасць, — і тут жа [Паліна] параіла [мужу] пазычыць грошай у касе ўзаемадапамогі. Пальчэўскі.

Тут як тут (у знач. вык.) — раптам, адразу, у гэты момант (з’явіцца). Пачаў Варанецкі будаваць фабрыку ўгнаенняў — Бялоцкі тут як тут. Дуброўскі.

Што тут і казаць гл. казаць.

Што я (ты, ён) тут забыў? гл. я.

тутаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Спецыяліст у галіне тутаводства.