Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пячо́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

1. Печань жывёлы як прадукт харчавання.

2. Тое, што і печань. Гэты чалавек раптам знайшоў у сябе сто хвароб: і гіпертанію, і язву, і камяні ў пячонцы. Шамякін.

•••

Адсадзіць пячонкі гл. адсадзіць.

Пячонкі выгрызці гл. выгрызці.

Сядзець у пячонках гл. сядзець.

пячо́нкавы, ‑ая, ‑ае.

Прыгатаваны з пячонкі.

пячо́ра, ‑ы, ж.

1. Пустая прастора пад зямлёй, у горным масіве, утвораная дзеяннем падземных вод або вулканічных працэсаў, якая мае выхад на паверхню; грот. Сталактытавыя пячоры. Пячоры першабытнага чалавека.

2. Абл. Нара; падземны ход. Падаўся назад Міколка, як рак у пячору. Лынькоў. Такія глыбокія хады і пячоры выкопваюць у глінянай сцяне абрыву сваімі маленькімі дзюбкамі і лапкамі гэтыя мілыя, прывабныя птушкі [ластаўкі]. В. Вольскі.

пячо́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да пячоры. Пячорнае скляпенне. Пячорная цемра. // Які жыве ў пячоры. Пячорныя жывёлы. // Які знаходзіцца ў пячоры. Пячорнае возера.

2. Які адносіцца да перыяду, калі людзі жылі ў пячорах. Пячорны чалавек. Пячорны перыяд.

пячо́рысты, ‑ая, ‑ае.

1. З вялікай колькасцю пячор. Пячорысты край.

2. У анатоміі — губчаты, з пустотамі, каналамі. Пячорыстая тканка.

пячу́ра, ‑ы, ж.

Абл. Тое, што і пячурка (у 1 знач.). Ён [Алесь] ператрос і вугалочкі, Як ёсць, аблазіў і куточкі, Глядзеў за бэльку і ў пячуру, Падняў такую шуру-буру, Што хоць ты з хаты выбірайся. Колас.

пячу́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

1. Невялікая ніша ў сцяне печы. У хаце, пад вялікай рамкай з фотакартачкамі, стаяў стол, засланы белым .. абрусам.. Насупраць, у кутку — печ з мноствам пячурак. Сіняўскі.

2. Невялічкая печка. У рэдакцыйным пакоі няўтульна і холадна. Гудзе чыгунная пячурка. Хведаровіч. У зямлянцы нічога не змянілася: па-ранейшаму пахла травамі, зімою весела шумеў у пячурцы агонь. Васілеўская.

3. Абл. Ніша збоку прыпечка, куды заграбаюць вуголле, попел. Маці загрэбла ў пячурку вуголле і ў куток печы паставіла два невялічкія гаршкі. Галавач.

пячы́, пяку, пячэш, пячэ; пячом, печаце, пякуць; пр. пёк, пякла, пякло; заг. пячы; незак., каго-што.

1. Гатаваць ежу сухім награваннем, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (хлеб, яечню, сала і пад.). Пячы пірагі. □ Пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае шыпучае полымя, пяклі ў прыску.. бульбу. Брыль. Ля печы клапоціцца маці І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. і без дап. Моцна прыпякаць, абдаваць гарачынёю; паліць. Сонца пякло так неміласэрна, што нават гаманлівы заўсёды пляж прыціх. Лынькоў. // Выклікаць адчуванне апёку, вострага болю. Крапіва пячэ. Сівер пячэ твар. □ Мароз пёк агнём, а ніколі так не былі ў партызан расхрыстаны грудзі. Карпюк. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры, пяклі цела камары. Хомчанка. // Прычыняць востры нясцерпны боль, гарэць агнём. Тузала ногі, нылі плечы, на далонях пяклі мазалі. Дамашэвіч. // безас. Пра адчуванне гарачыні, пякоткі. У горле пячэ. □ [Тэлефаніст] зразу стаў адчуваць, як у грудзях стала смактаць і пячы, як агнём. Чорны.

3. перан.; і без дап. Не даваць спакою, трывожыць, мучыць. Адно пякло душу — не мог атрымаць ліста з Беларусі. Няхай. Руіны білі ва ўпор, пяклі фашыстаў агнём лістовак, ірвалі мінамі. Новікаў.

•••

Як бліны пячы — вельмі хутка і ў вялікай колькасці (рабіць, выпускаць што‑н.).

пячы́ся, пякуся, пячэшся, пячэцца; пячомся, печацеся, пякуцца; пр. пёкся, пяклася, няклося; заг. пячыся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Гатавацца сухім награваннем, без вады, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (пра ежу). Пячэцца бульба. □ Дзень быў святы. Яшчэ ад рання Блінцы пякліся на сняданне, І ўжо пры печы з чапялою Стаяла маці... Колас. Вось гэтую хату і ўсё, што рабілася, гаварылася і пяклося ў ёй, я любіў шчыра і даўно. Сіпакоў.

2. Разм. Грэцца на сонцы, быць доўгі час пад праменямі сонца, у гарачым месцы. Пячыся ля печы. □ Дзеці цэлымі днямі пякліся на сонцы, з іх ужо разы тры злазіла скура. Хомчанка. Ясь пачаў сам «зарабляць хлеб»: летам і ўвосень ганяў на пашу вербаўскую жывёлу, пёкся цэлымі днямі на сонцы, мок на дажджы. Мележ.

3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Мець здольнасць, уласцівасць паліць, абпальваць, жыгацца. Гарачая скаварада пячэцца. Крапіва пячэцца. □ Дзяўчаты працягваюць рукі, некаторыя ледзь не загортваюць агонь прыгаршчамі і раптам ускрыкваюць: пячэцца ўсё-такі! Кулакоўскі. / у безас. ужыв. Я бяру, абкруціўшы травою, каб не пяклося ў рукі, кацялок і бягу у буданчык. Сачанка.

4. Зал. да пячы (у 1 знач.).

пячэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле дзеясл. пячы (у 1 знач.).

2. Кандытарскія вырабы ў выглядзе тонкіх кавалачкаў рознай формы, прыгатаваныя са здобнага, звычайна салодкага цеста. На маленькім круглым століку .. быў пастаўлен чайны прыбор, на сподачку ляжаў цукар і пячэнне. Ваданосаў.