пячы, пяку, пячэш, пячэ; пячом, печаце, пякуць; пр. пёк, пякла, пякло; заг. пячы; незак., каго-што.

1. Гатаваць ежу сухім награваннем, на адкрытым агні, у духу або на патэльні (хлеб, яечню, сала і пад.). Пячы пірагі. ▪ Пастухі палілі бульбоўнік і пырнік і, калі асядала магутнае шыпучае полымя, пяклі ў прыску.. бульбу. Брыль. Ля печы клапоціцца маці І сала пячэ, і бліны. Астрэйка.

2. і без дап. Моцна прыпякаць, абдаваць гарачынёю; паліць. Сонца пякло так неміласэрна, што нават гаманлівы заўсёды пляж прыціх. Лынькоў. // Выклікаць адчуванне апёку, вострага болю. Крапіва пячэ. Сівер пячэ твар. ▪ Мароз пёк агнём, а ніколі так не былі ў партызан расхрыстаны грудзі. Карпюк. Мірыяды зялёных мух кішэлі ў нагрэтым паветры, пяклі цела камары. Хомчанка. // Прычыняць востры нясцерпны боль, гарэць агнём. Тузала ногі, нылі плечы, на далонях пяклі мазалі. Дамашэвіч. // безас. Пра адчуванне гарачыні, пякоткі. У горле пячэ. ▪ [Тэлефаніст] зразу стаў адчуваць, як у грудзях стала смактаць і пячы, як агнём. Чорны.

3. перан.; і без дап. Не даваць спакою, трывожыць, мучыць. Адно пякло душу — не мог атрымаць ліста з Беларусі. Няхай. Руіны білі ва ўпор, пяклі фашыстаў агнём лістовак, ірвалі мінамі. Новікаў.

•••

Як бліны пячы — вельмі хутка і ў вялікай колькасці (рабіць, выпускаць што‑н.).

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)