базілі́кавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да базіліку. Базілікавы алей.
базі́раванне, ‑я, н.
Стан паводле знач. дзеясл. базіравацца (у 2 знач.).
базі́равацца, ‑руюся, ‑руешся, ‑руецца; незак.
1. Тое, што і грунтавацца. Базіравацца на фактах. // У тэхніцы — умацоўвацца, асноўвацца на чым‑н.
2. Размяшчацца дзе‑н., мець пэўную базу. Максімка рэзка павярнуў убок, у напрамку да грады, на якой рос змешаны лес, там базіраваўся апошнія дні партызанскі атрад. Гурскі.
базі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.
Засноўваць на чым‑н. Базіраваць прамысловасць на мясцовай сыравіне.
базіро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.
Стан паводле знач. дзеясл. базіравацца (у 2 знач.); размяшчэнне якіх‑н. баз.
ба́зіс, ‑у, м.
1. Эканамічная структура грамадства на пэўным этапе яго развіцця. Сацыялістычны базіс.
2. Тое, што і база (у 2 знач.). 1903‑ці год. Зноў стачкі зліваюцца з палітычнай дэманстрацыяй, але на яшчэ больш шырокім базісе. Стачкі ахопліваюць цэлы раён, у іх удзельнічаюць больш сотні тысяч рабочых, масавыя палітычныя сходы паўтараюцца ў часе стачак у цэлым радзе гарадоў. Ленін.
3. У архітэктуры — тое, што і база (у 1 знач.). Базіс калоны.
[Ад грэч. basis — аснова, фундамент.]
ба́зісны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да базісу. Базісныя з’явы. Базісная частка калоны.
бай 1, бая, м.
У дарэвалюцыйны час у Сярэдняй Азіі — буйны землеўладальнік; багач. Ён [Джамбул] калісьці дзяўчыну-красуню кахаў, Тлусты бай яго ластаўку сілай забраў. Панчанка.
бай 2, бая, м.
Разм.
1. Міфічная істота дзіцячага фальклору, якая расказвае байкі, казкі. Бег бай па сцяне ў чырвоным жупане. З нар.
2. Гаварун, пустамеля.
3. Пагалоска, паданне. Ходзіць вецер долам Лёгкаю паходкай І вядзе свой бай. Колас.
байба́к, ‑а, м.
1. Стэпавая жывёліна атрада грызуноў, якая восень і зіму праводзіць у спячцы; стэпавы сурок.
2. перан. Разм. Пра непаваротлівага, гультаяватага чалавека; абібок, гультай. [Максім:] — Я і маці за цябе, байбак, душой пакутуем. Грамовіч.
байбако́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да байбака, належыць яму. Байбаковая нара. // Зроблены з футра байбака. Байбаковы каўнер.