турча́ць, ‑чыць; незак.
Разм.
1. Утвараць характэрныя для жаб гукі. Недзе далёка ў балотцах турчалі жабы — гэта, кажуць, на цяпло. Адамчык.
2. Тарахцець, татахкаць (пра гукі машын у час работы). Грыні заснуць, каб спачыць пасля дня ў турботах, толькі адны трактары будуць турчаць праз усю ноч, — але гэта далёка, пад Закалюжжам. Пташнікаў.
туры́зм, ‑у, м.
Падарожжы па сваёй краіне або ў іншыя краіны, калі адпачынак спалучаецца з элементамі спорту і пазнавальнымі задачамі. Экскурсійны турызм. Спартыўны турызм. Горны турызм. □ Турызм дае свой адбітак на воблік краіны, на стыль жыцця многіх яе людзей і гарадоў. Мележ.
[Фр. tourisme.]
туры́ны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да тура 3 (у 2 знач.). Здаецца, чую, як падвечар у рог турыны дзьме сурмач. А. Вольскі.
туры́ст, ‑а, М ‑сце, м.
Той, хто займаецца турызмам. Яркае хараство берагоў і гарадоў, багатая гісторыя прыводзяць у Італію мноства турыстаў. «Полымя».
[Фр. touriste.]
туры́стка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.
Жан. да турыст.
турысты́чны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турызму. Турыстычныя паходы. Турыстычнае бюро. Турыстычны часопіс.
туры́сцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турыста, турыстаў. Турысцкая база. □ Сцяпан купіў турысцкую пуцёўку і падаўся .. да берагоў Чорнага мора. Радкевіч. Наша турысцкая група зрабіла ўжо немалы шлях па краіне, наведала многа вялікіх і малых гарадоў, і ў кожнага з нас было што ўспомніць і аб чым падумаць. Краўчанка.
туры́ха, ‑і, ДМ ‑рысе, ж.
Самка тура.
туры́ць, туру, турыш, турыць; незак., каго-што.
Разм.
1. Гнаць, праганяць. Дружна хлопцы тураць Ворага за Тураў. Пушча. Два дыпломы, два значкі — Два закончыў інстытуты. Працаваць жа спец такі Лічыць горшаю пакутай. Дзе б ён толькі ні рабіў — Адусюль мятлою тураць. Маеўскі. // Паганяць, падганяць. — Я каня гэтак турыў, гнаў гэтак, — гаварыў маладзейшы [хлопец], з нейкаю як бы крыўдаю ў голасе. Чорны.
2. Несці, везці што‑н. вельмі грузнае, грувасткае. Наперадзе насос, за ім жа бочкі тураць. Крапіва.