Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́рмны, ‑ая, ‑ае.

Якога кормяць на забой; адкормлены. Пад павеццю, разрыўшы яму, ляжаў кормны кабан. Галавач.

ко́рнер, ‑а, м.

Штрафны вуглавы ўдар у футбольнай гульні.

[Ад англ. corner — вугал.]

ко́рпанне і карпа́нне, ‑я, н.

Разм. Дзеянне паводле знач. дзеясл. корпаць, карпаць і корпацца, карпацца.

ко́рпацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца і карпа́цца, а́юся, ‑а́ешся, ‑а́ецца; незак.

Разм.

1. у чым. Капацца ў чым‑н. рыхлым, сыпкім. Корпацца ў пяску. Корпацца ў градах. // Не спяшаючыся, разбірацца ў чым‑н., папраўляючы, наладжваючы. Корпацца ў прыёмніку. Корпацца ў фотаапараце. □ Капоты на дзвюх машынах былі падняты; нешта ладзячы, шафёры корпаліся ў маторах. Шахавец. // Шукаць, перабіраючы што‑н. Корпацца ў паперах. Корпацца ў чамадане. □ Салёнаў доўга корпаўся ў скрынцы — перабіраў шурупчыкі, маткі старога дроту, сапсаваныя ліхтарыкі — шукаў шкларэз. Даніленка.

2. перан. Рабіць што‑н. марудна, не спяшаючыся або няўмела. Пляменніца працавала на ферме, а маці Ліды, пастарэлая і зусім знядужаная, пакрысе корпалася каля дому. Кавалёў. — Дакуль вы будзеце корпацца... Не на вечарынку ж збіраецеся... Васілевіч.

3. перан. Вельмі дэталёва аналізаваць што‑н., абдумваць што‑н., разбірацца ў чым‑н. — І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам. Шамякін.

ко́рпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае і карпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., што чым.

Разм. Раскопваць, калупаць. Валодзя звычайна корпаў нагамі вільготны пясок і гаварыў з жалем: — Сырая яшчэ, брат. І гразі поўна... Якімовіч. Унурыўшыся, хадзіў [Гендарсан] па раллі і наском бота або ручкай бізуна корпаў зямлю. Чарнышэвіч.

ко́рпус, ‑а; мн. ко́рпусы, ‑аў і карпусы́ (з ліч. 2, 3, 4 ко́рпусы), карпусо́ў; м.

1. мн. ко́рпусы, ‑аў. Тулава чалавека або жывёліны. Валерый павярнуўся ўсім корпусам да Аляксея.. і кіўнуў галавой. Даніленка.

2. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аснова, каркас механізмаў, апаратаў, прыбораў і пад. Гадзіннікавы корпус. Корпус апарата. Корпус гранаты.

3. мн. карпусы́, ‑о́ў. Каркас судна з усёй знешняй абшыўкай. Буксір ужо стаяў каля берага адзін, без баржаў, і яго корпус адлюстроўваўся ў ціхай вечаровай вадзе вялізнай чорнай плямай. Краўчанка.

4. мн. карпусы́, ‑о́ў. Асобны будынак на агульнай пляцоўцы. І вось завод з яго карпусамі — галоўным, вапнавым, механічным, са складамі гатовай прадукцыі. Скрыган. // Ізаляваная частка вялікага будынка. Левы корпус.

5. мн. карпусы́, ‑о́ў. Вайсковае злучэнне, якое складаецца з некалькіх дывізій. Гвардзейскі корпус. Стралковы корпус. Камандаваць корпусам.

6. мн. карпусы́, ‑о́ў. Аб’яднанне войск спецыяльнага прызначэння ў дарэвалюцыйнай Расіі. Корпус жандараў.

7. мн. карпусы́, ‑о́ў. Некаторыя сярэднія ваенна-навучальныя ўстановы ў дарэвалюцыйнай Расіі. Марскі корпус.

8. мн. карпусы́, ‑о́ў. Сукупнасць асоб адной прафесіі, якога‑н. аднаго афіцыйнага або службовага становішча. Дыпламатычны корпус. Афіцэрскі корпус.

9. Назва аднаго з размераў друкарскага шрыфту.

•••

Кадэцкі корпус — закрытая сярэдняя ваенна-навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для падрыхтоўкі сыноў дваран да афіцэрскай службы.

Пажскі корпус — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова ў дарэвалюцыйнай Расіі для сыноў вышэйшых саноўнікаў і генералаў (першапачаткова для падрыхтоўкі пажаў).

[Ад лац. corpus — цела.]

ко́рпусны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да корпуса (у 2, 3 і 4 знач.). Корпусны плуг. Корпусная абшыўка карабля.

корт 1, ‑у, М ‑рце, м.

Тоўстая, звычайна цёмнага колеру баваўняная тканіна атласнага перапляцення для рабочага і спартыўнага адзення; «чортава скура». Дзядуля адчыніў [куфар] і дастаў адтуль адрэз моцнага корту цёмнага колеру. Якімовіч. Маня паднесла свякрусе мультану на плацце, а свёкру корту на рубашку. Васілевіч.

[Англ. cord.]

корт 2, ‑а, М ‑рце, м.

Пляцоўка для гульні ў тэніс.

[Англ. court.]

ко́рушка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.

Невялікая прамысловая рыба атрада селядцовападобных, якая водзіцца пераважна ў басейнах Паўночнага Ледавітага і ў паўночнай частцы Атлантычнага і Ціхага акіянаў.

[Ад фінск. kuore.]

корх, ‑а, м.

Уст. Мера даўжыні на шырыню далоні.