Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

услужы́ць, услужу, услужыш, услужыць; зак., каму-чаму.

Зрабіць паслугу; дагадзіць. [Муж] так ужо кахае Раю, што вачэй адвесці не можа, з ног звіваецца, каб усім усякім ёй услужыць. Мыслівец.

услу́хацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Уважліва прыслухацца, стараючыся пачуць, зразумець што‑н. Насцярожанымі вачыма акінуў.. [Паніковіч] сход, прэзідыум і ўслухаўся ў гаворку прамоўцы. Быкаў. Генадзь услухаўся ў мелодыю, у словы песні і далучыўся да ўсяго спеўнага гурту. Сабаленка. Тады.. [Ірка] ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Пташнікаў. Стаўшы пасярэдзіне гумна, яшчэ раз прагна ўслухалася [Аксіння] ў начную цемень, сілячыся ўлавіць, учуць след жывога чалавечага дыхання. Лынькоў.

услухо́ўванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. услухоўвацца — услухацца.

услухо́ўвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да услухацца.

услы́х, прысл.

Уголас, каб было чутно іншым. Чытаць услых. □ — Ну вось. У добры шлях, — услых пажадала Таня і зайшла ў вагон. Даніленка. Надыходзілі экзамены, выпускнікі ўслых марылі аб будучым, сачылі за аб’явамі ў газетах, выбіралі навучальныя ўстановы. Чарнышэвіч. «Я — камуніст», — думаў.. [Вася] з нейкай асаблівай яснасцю і прашаптаў услых гэтае гордае слова. Мележ.

усляпу́ю, прысл.

Нічога не бачачы; наўгад. Страляць усляпую. □ Ісці ўсляпую, не ведаючы мясцовасці і не маючы ўяўлення ў небяспеку, якая нас чакае, не было ніякага сэнсу. С. Александровіч. Алёша ўсляпую намацаў лямпу, зняў з яе шкло і адшукаў пальцамі кнот. Хадкевіч.

усма́глы, ‑ая, ‑ае.

1. Зняможаны ад смагі.

2. Перасохлы ад недахопу вільгаці. Усмаглыя губы.

усма́гнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

1. Дайсці да знямогі ад смагі. Усмаг араты за дзень у полі.

2. Перасохнуць ад недахопу вільгаці. Усмагла зямля, патрэскалася.

3. Разм. іран. Вельмі захацець выпіць.

усма́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усмажыць.

усма́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усмажваць — усмажыць.