турні́рны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турніру; які з’яўляецца турнірам. Балельшчыкі футбола, такія, як Станік, часта збіраліся ля турнірнай табліцы матчаў. Грамовіч.
турну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Разм.
1. Прагнаць адкуль‑н. або куды‑н. Стары ўгледзеў, што хлопец па вушы мокры, і, не пытаючыся і не дапытваючыся, што з ім сталася, турнуў яго ў хату. Сабаленка. Калі гітлераўцаў турнулі адсюль, млынар недзе быў знік, а цяпер вось зноў выплыў. Мележ. [Крылоў:] — Прагналі цара — добра. Але гэта паўсправы. Наша рэвалюцыя яшчэ наперадзе. Ёй Касоўскі не ўзрадуецца, бо мы турнём і радзянак, і мілюковых, і паскевічаў, і ўсіх крывасмокаў, а разам з імі і халуёў іх — касоўскіх. Шамякін. // Звольніць з пасады. — Калі верыць розным чуткам, то цябе, Мікалай, даўно трэба было турнуць з твае работы і аддаць пад суд за розныя вымаганні і пагрозы, — спакойна адказаў дзед Піліп. Ваданосаў. [Ганна:] [Старшыня] спачатку разгубіўся, а пасля так турнуў мяне з брыгадзірства, што і сёння апамятацца не магу. Губарэвіч.
2. Піхнуць, штурхнуць каго‑н. Тады, нават не заўважыў я, хто, — вырвалі ў мяне туза з рук, зграблі мяне ў ахапак ды як турнулі з гарышча па драбіне далоў, ледзьве я галаву не скруціў. Дубоўка. Купрыян хацеў ушчарэпіцца бацюшку ў валасы, але быў да таго п’яны, што жонка як турнула рукою, то ён задраў ногі тройчы і перакуліўся. Чарот. / у перан. ужыв. Патрашчыць ён [агонь] там, патрашчыць, набіраючыся сілы ды ад злосці пыхкаючы дымам, а тады як турне гэты дым у неба і сам за ім. Шахавец.
турнэ́, нескл., н.
1. Падарожжа па кругавому маршруту. Студэнты розных маскоўскіх вышэйшых навучальных устаноў робяць турнэ па Савецкай краіне. «Звязда». // Разм. Паход, паездка. Пасля гэтага турнэ ляснічага па ўсіх кварталах многія леснікі былі выкліканы ў канцылярыю. Сіняўскі.
2. Паездка артыстаў, спартсменаў на гастрольныя выступленні, спаборніцтвы і пад. Вядомы імпрэсарыо італьянец Латуза запрапанаваў мне гастрольнае турнэ па Еўропе. Рамановіч.
[Фр. tournee.]
турнэ́пс, ‑у, м.
Расліна сямейства крыжакветных, караняплоды якой ідуць на корм жывёле; кармавая рэпа.
турню́р, ‑а, м.
Модная ў канцы 19 ст. прыналежнасць жаночага туалету ў выглядзе падушачкі, якую падкладвалі над плацце ніжэй таліі для надання пышнасці фігуры. // Шырокая жаночая спадніца, прызначаная для нашэння з такой падушачкай.
[Фр. tournure.]
туро́к, ‑рка́, м.
Абл. Туркаўка. Калі ўвесь астатні хор пеўчых замаўкаў, [салавей] смялеў, але толькі да той хвіліны, пакуль яго не перабіваў турок, з асалодай буркуючы на леташнім гняздзе. Карамазаў. Дзесьці залівалася баязліва жаўна, ды ў вербалозах цяжка стагнаў турок. Хомчанка.
турпа́н, ‑а, м.
Вадаплаўная птушка сямейства качыных з чорнай або чорна-бурай афарбоўкай і шырокай дзюбай.
турпахо́д, ‑у, М ‑дзе, м.
Турысцкі паход.
турухта́н, ‑а, м.
Балотная птушка з цёмным апярэннем, якая водзіцца ў тундры і ў лясной зоне Еўразіі. Даўганогія жоравы з турухтанамі збяруцца вялікімі кампаніямі на рыжым куп’істым балоце і давай адзін перад адным вытанцоўваць — хто больш прыгожае ды мудрагелістае каленца выкіне. Ігнаценка. Адбываліся ў пачатку лета жорсткія, але заўсёды бяскроўныя турніры птушак-турухтанаў, гэтых заўзятых дуэлянтаў. В. Вольскі.
турухта́навы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турухтана.