Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

змрок, ‑у, м.

1. Адсутнасць святла; цемра. Зусім цёмна. Змрок атуліў .. прасторы. Каваль. Непраглядны змрок і сыры туман спляліся густа-густа і як бы глынулі гэтую закінутую між балот і лесу невялічкую вёску. Колас.

2. Няпоўная цемната, прыцемак, пры якім можна яшчэ распазнаваць прадметы. У хаце гусцеў змрок, але .. [Пятро] бачыў .. любыя вочы [Сашы], цяпер яны глядзелі ласкава і закахана. Шамякін. // Прыцемак у слаба асветленым месцы, памяшканні.

3. Прыцемак паміж заходам сонца і наступленнем ночы, а таксама перадсвітальны прыцемак. У густым вячэрнім змроку патанула вёска. Анісаў. Станцыя хавалася ў п[е]радранішнім змроку. Лынькоў.

4. перан. Пра атмасферу насілля, беспрасветнасці, безнадзейнасці. У тваім жыцці [рабочага] ранейшым Змрок стаяў кругом. Журба.

змро́кам, прысл.

Прыцемкам, на змярканні. Змрокам, а то й пазней, хлопцы па адным збіраліся дадому. Лобан.

змро́чна,

1. Прысл. да змрочны.

2. безас. у знач. вык. Аб наяўнасці змроку, прыцемку дзе‑н. У хляве ўжо было змрочна, і, каб агледзець свіней, Курловіч папрасіў ліхтар. Дуброўскі.

3. безас. у знач. вык.; перан. Аб наяўнасці змрочнага, цяжкага настрою ў каго‑н. Змрочна было на душы Васіля Раманавіча. Няхай.

змро́чнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і якасць змрочнага.

змро́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Слаба асветлены; цёмны. Змрочнае памяшканне. □ Змрочны яловы лес перайшоў паступова ў светлы і сухі сасновы бор. В. Вольскі. Змрочная, непрытульная ноч напаткала ўцекачоў у .. цясніне. Быкаў. // перан. Які выклікае цяжкае ўражанне сваёй паныласцю, непрыгляднасцю; шэры, нудны. Змрочны пейзаж.

2. Пануры, хмуры, насуплены. Бацька змрочны, як хмара, хадзіў па хаце. Чарнышэвіч. // Які выражае панурасць, заклапочанасць. На змрочным твары Фаміча То прамільгне прамень надзеі, То наплыве, як цень, адчай. Бачыла. // Поўны цяжкіх пачуццяў; бязрадасны. Змрочны настрой. □ У галаве круцяцца думкі, неспакойныя, змрочныя. Асіпенка.

3. перан. Цяжкі, беспрасветны. Змрочныя гады зняволення. □ І не лёгка верыць успамінам Пра цяжкія, змрочныя часы. Лойка.

4. перан. Накіраваны супраць прагрэсу, чалавечнасці; жорсткі, рэакцыйны. Яркае ўяўленне аб самаахвярнай барацьбе рэвалюцыйнай моладзі супраць змрочных сіл рэакцыі стварае сцэна ў адным з віленскіх рэстаранаў. Хромчанка.

змру́жыцца, ‑жыцца; зак.

Абл. Заплюшчыцца, самкнуцца (пра вочы, павекі). Якое дзіва тут, Што змружацца павекі: Ад рання інстытут, Пасля — бібліятэкі. Лужанін.

змру́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Абл. Заплюшчыць, самкнуць (вочы, павекі). Праз усю ноч, пакуль не было бацькі, ніхто не змружыў вачэй... Кірэенка.

змудрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.

Разм.

1. Мудруючы, зрабіць што‑н. недарэчнае, абсурднае.

2. Зрабіць, змайстраваць што‑н., прымяняючы выдумку, умельства. Непадалёк калгасныя цесляры змудравалі хатку, нешта накшталт інтэрната для пастухоў і даярак. Асіпенка.

змудраге́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак.

Разм. Тое, што і змудраваць.

зму́ліць,

гл. змуляць.