станцы́йны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да станцыі (у 1 знач.). Станцыйная платформа. □ Эшалон прайшоў некалькі станцый, ён шпарка прабягаў станцыйныя пралёты. Чорны.
ста́нцыя, ‑і, ж.
1. Месца прыпынку паяздоў і іншых транспартных сродкаў, якія курсіруюць па пэўнаму маршруту. Чыгуначная станцыя. □ Кажуць, станцыяй хутка паўстанак той стане — Значыць, стрэнецца шчасце маё і яе. Бачыла. На станцыях .. [Гарышны] выскокваў з вагона ўзяць бутэльку піва. Ракітны. // Будынак на прыпынках, спецыяльна абсталяваны для пасажыраў. Уперадзе, з-за ўзгорка, выпаўзалі чырвоныя камяніцы станцыі. Мележ. // Адлегласць паміж двума такімі прыпынкамі. Яшчэ дзве станцыі засталося ехаць.
2. Спецыяльная ўстанова, якая абслугоўвае ў якіх‑н. адносінах насельніцтва, арганізацыі раёна, тэрыторыі. Санітарна-эпідэміялагічная станцыя. Лодачная станцыя. Тэлефонная станцыя. □ Каб суняць плывуны і зрабіць іх падатлівымі людзям, непадалёку ад ствалоў была пабудавана магутная станцыя замарожвання глебы. Кулакоўскі. // Група навуковых супрацоўнікаў, якія вядуць даследчую работу па спецыяльнай праграме. Дрэйфуючая станцыя «Паўночны полюс». Селекцыйная станцыя.
3. Спец. Серыя гідралагічных, метэаралагічных і пад. назіранняў, атрыманых на моры, на пэўнай тэрыторыі зямной паверхні. Глыбакаводныя станцыі. Магнітныя станцыі.
•••
Гідраметрычная станцыя — пункт на рацэ для вымярэння вышыні ўзроўню вады, хуткасці цячэння, расходу вады і пад.
Касмічная станцыя — штучны спадарожнік Зямлі, на якім можа жыць і працаваць зменны экіпаж касманаўтаў.
Сартавальная станцыя — чыгуначная станцыя, асноўнае прызначэнне якой — фарміраваць і расфарміроўваць чыгуначныя саставы.
[Ад лац. stantia.]
станча́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да станчыцца.
2. Зал. да станчаць.
станча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да станчыць.
станчы́ць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; зак., што.
Зрабіць вельмі тонкім.
станчэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. станчэць.
станчэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; зак.
Стаць вельмі тонкім.
стапа́ 1, ‑ы; мн. стопы, стоп; ж.
Спалучэнне націскнога з адным ці двума ненаціскнымі складамі, якое заканамерна паўтараецца ў вершаваным радку.
стапа́ 2, ‑ы; мн. стопы, стоп; ж.
Адзінка падліку пісчай паперы, роўная 1000 лістоў (да ўвядзення метрычнай сістэмы мер раўнялася 480 лістам).
стапарэ́зка, ‑і, ДМ ‑зцы; Р мн. ‑зак; ж.
Уст. Машына, якая рэжа паперу на лісты пэўнага фармату для складання іх у стопы.