Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спало́ць, спалю, сполеш, споле; зак., што.

1. Знішчыць полівам (пра пустазелле).

2. Прапалоць пэўную плошчу.

спалуча́льнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць спалучальнага.

2. Здольнасць, магчымасць спалучэння чаго‑н. з чым‑н. Высокай спалучальнасцю з якаснымі прыметнікамі характарызуецца.. прыслоўе вечна. «Весці».

спалуча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які дазваляе спалучаць што‑н., з’яўляецца вынікам спалучэння чаго‑н. Спалучальны закон. Спалучальны рэфлекс.

спалу́чанасць, ‑і, ж.

Стан спалучанага.

спалу́чаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад спалучыць.

2. у знач. прым. Які ўзаемадзейнічае, узаемна звязаны з чым‑н. Спалучаныя рысоры.

спалуча́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спалучыцца.

2. Гарманіраваць, адпавядаць адно другому. Як прыгожа спалучаюцца колеры. «Работніца і сялянка». Гляджу, як ільны на прасторах сінеюць, Як неба блакіт спалучаецца з полем. Хведаровіч.

3. Уступаць у сувязь, уваходзіць у спалучэнне. З колькаснымі лічэбнікамі два, тры, чатыры і г. д. зборныя назоўнікі не спалучаюцца. Граматыка.

4. Мець сувязь, служыць працягам адно другога; злучацца. Крама Раманюка спалучалася з пакоямі цесцевага дома. Карпюк.

5. Зал. да спалучаць.

спалуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спалучыць.

спалучы́цца, ‑лучуся, ‑лучышся, ‑лучыцца; зак.

Аб’яднацца ва ўзаемнай адпаведнасці, гармоніі; злучыцца адначасова; сумясціцца. У творах Дастаеўскага спалучыліся з выключнай сілай праніклівы псіхалагізм, інтэлектуальная глыбіня мысліцеля і страснасць публіцыста. «ЛіМ». Аповесць «Першае каханне» [А. Марціновіча] цікавая перш за ўсё тым, што ў ёй своеасабліва спалучыліся ваенная тэма і сучаснае жыццё. «Полымя».

спалучы́ць, ‑лучу, ‑лучыш, ‑лучыць; зак., каго-што.

1. Аб’яднаць, злучыць адначасова адно з другім; сумясціць. Спалучыць тэорыю з практыкай. □ Разам наш народ пранёс ярмо пакуты, Разам спалучылі нас стагоддзі, Разам разрывалі кайданы і путы, Разам жыць адвечна ў прыязні і згодзе. Шушкевіч. Самцэвіч любіў усё прыгожае, і хараство прыроды хацеў спалучыць з хараством, створаным рукамі чалавека. Шахавец.

2. Сумясціць разам. Спалучыць колеры.

3. Наладзіць сувязь; злучыць. Волга з Донам спалучылі Свае хвалі на вякі. Астрэйка.

спалучэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спалучаць — спалучыць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. спалучацца — спалучыцца. Спалучэнне зычных. Сінтаксічнае спалучэнне. Спалучэнне колераў.