Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лепразо́рый, ‑я, м.

Лячэбная ўстанова для хворых на праказу; калонія пракажоных.

[Ад лац. leprosus — пракажоны.]

ле́пта, ‑ы, ДМ ‑пце, ж.

1. Дробная манета ў Грэцыі.

2. перан. Пасільны уклад у якую‑н. агульную справу. Унесці сваю лепту ў агульную справу.

лепш, прысл.

1. Выш. ст. да прысл. добра. Здала .. [Аленка] экзамен не толькі лепш за вучняў свае школы, — з усіх школ .. выдзелілася яна сваімі здольнасцямі. Колас. Лепш позна, чым ніколі. Прыказка.

2. безас. у знач. вык., каму. Аб паляпшэнні стану хворага. Часам гаспадыні бывае лепш. Тады яна злазіць з печы, адкрывае каваныя скрыні, выцягвае адтуль свае уборы, пасцілкі, коўдры, ручнікі, абрусы. Асіпенка.

3. у знач. часціцы. Ужываецца для падкрэслівання важнасці значэння якога‑н. дзеяння; служыць для ўзмацнення просьбы, парады і пад. [Міколка:] — Лепш скажы мне вось, дзед, дзе цяпер мой бацька. Лынькоў. [Андрэй:] — Не падпірай ты, чалавеча, таго, што згніло, бо яно ўсё роўна ўпадзе. Зрабі лепш новы плот. Якімовіч.

•••

Лепш (і) не трэба — ужываецца для абазначэння высокай, найвышэйшай ступені чаго‑н. Зажыў цяпер бедны брат лепш не трэба. Якімовіч.

Лепш сказаць (у знач. пабочн.) гл. сказаць.

ле́пшаць, ‑ае; незак.

Станавіцца лепшым. І колькі ні перачытвай добрую кнігу, яна ўсё лепшае. Лужанін. На пярэдняй восьцы зламаўся шпянёк .. Генрых спрабаваў ужо накручваць нейкія ніткі, шнуркі, але справа ад гэтага не лепшала. Ракітны.

ле́пшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца лепкай; спецыяліст па лепцы.

ле́пшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да лепшчык.

ле́пшы, ‑ая, ‑ае.

1. Выш. ст. да прым. добры; проціл. горшы. Паняслася песня волі Між лясоў густых, балот... І аб лепшай вольнай долі Стаў ля рэчкі пець чарот. Чарот. [Бацька:] — Ведаеш, сынку, нам трэба было б набыць лепшага каня. Бядуля.

2. Найвыш. ст. да прым. добры; самы добры. [Шугаеў:] Гэты адказны дакумент павінны падпісаць лепшыя людзі нашага калектыву. Крапіва. Таварышы з акругі, хочучы пазнаёміць грамадства з лепшым участкам беларускай граніцы і лепшым камандзірам ўчастка, — накіравалі мяне іменна сюды. Брыль. // у знач. наз. ле́пшае, ‑ага, н. Збіраліся, прыходзілі і садзіліся за сталы калгаснікі, адзетыя ў лепшае. Васілевіч.

•••

У лепшым выпадку гл. выпадак.

лепята́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. лепятаць, а таксама гукі гэтага дзеяння.

лепята́ць, лепячу, ляпечаш, ляпеча; заг. лепячы; незак., што, аб чым і без дап.

1. Гаварыць невыразна, нязвязна (пра мову дзяцей). — Дзед ... бух-бух... ва-ва, — заклапочаны нечым, лепятаў малы і цягнуў маці ў зямлянку-шпіталь. Шамякін. // Гаварыць невыразна; мармытаць. Стась Вілюевіч дагнаў дзяўчыну пры ўваходзе і пачаў лепятаць аб каханні. Грамовіч. // Весці лёгкую несур’ёзную размову; балбатаць. Жэня лепятала з нейкім унутраным задавальненнем, быццам дзіця, якое расказвала маці пра свае прыгоды. Сіўцоў.

2. перан. Утвараць ціхі шум, шолах і пад. Асінавы кусток тросся і лепятаў. Чорны.

лепяту́н, лепетуна, м.

Разм. Той, хто ляпеча, невыразна гаворыць.