Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згу́снуць, ‑не; пр. згус, ‑ла; зак.

Разм. Згусціцца, загусцець. Кісель згус.

згу́стак, ‑тка, м.

Густая маса, камячок, які ўтварыўся пры загусценні вадкасці. Згустак смятаны. □ Пятрусь Саўчык выцер потным рукавом згусткі крыві і прышпорыў каня. Каваль. // перан.; чаго. Канцэнтрацыя, сканцэнтраванне чаго‑н. Рылееў не пісаў спецыяльна песні, песню стварыў народ, які адабраў самы згустак тэксту ў сорак радкоў з адной думы, названай Рылеевым «Смерць Ермака». «Беларусь». Верш «Мінула пара дзявочая...» — сапраўды выхаплены з жыцця згустак чалавечай радасці, замілаванасці, смутку. Лойка.

згусце́лы, ‑ая, ‑ае.

Які згусцеў; загусцелы. Згусцелае цеста.

згусце́ць, ‑ее; зак.

Тое, што і згусціцца. Кісель згусцеў. □ У цемры, якая яшчэ больш згусцела пасля ўспышкі ракеты, дзедавай постаці не было відаць. Сіняўскі.

згусці́цца, ‑ціцца; зак.

Стаць густым або больш густым. Цеста згусцілася. Хмары згусціліся. □ Усюды стала цямней, паветра згусцілася, павільгатнела, і гарадскія лямпачкі ледзь толькі блішчалі. Кулакоўскі. / Пра цемнату, змрок і пад. Цёмная сінь згусцілася на даляглядзе. Чорны. Змрок згусціўся да таго, што за пяць крокаў не разбярэш: чалавек ідзе ці куст пасоўваецца насустрач. Пташнікаў.

•••

Атмасфера згусцілася гл. атмасфера.

Хмары згусціліся гл. хмара.

згусці́ць, згушчу, згусціш, згусціць; зак., што.

Зрабіць густым або больш густым. Згусціць цеста. Згусціць пасевы.

•••

Згусціць атмасферу — стварыць напружанае становішча, абстаноўку.

Згусціць фарбы — празмерна перавялічыць што‑н., звычайна адмоўнае (у вусным апавяданні, адлюстраванні і інш.).

згушча́льнасць, ‑і, ж.

Здольнасць згушчацца.

згушча́льнік, ‑а, м.

Спец.

1. Апарат для аддзялення цвёрдых часцінак ад вадкасці.

2. Рэчыва, якое дабаўляюць да другога рэчыва або сумесі для згушчэння.

згу́шчанасць, ‑і, ж.

Вялікая гушчыня, шчыльнасць чаго‑н. Згушчанасць насельніцтва ў горадзе. Згушчанасць пасеваў.

згу́шчаны і згушчо́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад згусціць.

2. у знач. прым. Прыгатаваны гусцейшым, чым звычайна, шляхам выпарэння часткі вады. Згушчонае малако.