Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

інтраскапі́я, ‑і, ж.

Візуальнае вывучэнне ўнутранай макраструктуры непразрыстых рэчываў і матэрыялаў; галіна навукі і тэхнікі, якая займаецца праблемамі такога вывучэння.

[Лац. intrō — унутр і грэч. scopeō — гляджу.]

інтраско́п, ‑а, м.

Прыбор для правядзення інтраскапіі.

інтраспекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Заснаваны на інтраспекцыі. Інтраспектыўны метад.

інтраспе́кцыя, ‑і, ж.

Метад вывучэння псіхічнага жыцця чалавека саманазіраннем. Карыстацца інтраспекцыяй.

[Ад лац. introspectare — глядзець усярэдзіну.]

інтрузі́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да інтрузіі; глыбінны. Інтрузіўныя пароды.

інтру́зія, ‑і, ж.

Спец.

1. Працэс нагнятання магмы ў тоўшчу зямной кары. Працэс інтрузіі.

2. Геалагічнае цела, якое ўтварылася ў зямной кары ў выніку застывання магмы.

[Ад лац. intrusus — упхнуты.]

інтры́га, ‑і, ДМ ‑рызе, ж.

1. звычайна мн. (інтры́гі, ‑рыг). Скрытыя непрыстойныя дзеянні з мэтай нашкодзіць каму‑, чаму‑н.; нагаворы, падкопы. Інтрыгі міжнароднай рэакцыі. □ Не менш бязлітасна зрабіла, эксплуатавала сялян і гарадскі люд духавенства, пускаючы ў ход побач з грубым насіллем усякага роду падман, подкуп, шпіянаж, інтрыгі. Алексютовіч.

2. Сюжэтная лінія ў мастацкім творы, для якой характэрны асаблівы драматызм і напружанасць дзеяння. У бытавой драме і камедыі Галубок здзіўляў жывасцю дзеяння, дынамічнасцю і майстэрствам інтрыгі. Гіст. бел. сав. літ.

3. Нядоўгая любоўная сувязь. Любоўная інтрыга.

[Фр. intrigue.]

інтрыгава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак.

1. Весці інтрыгі (у 1 знач.). Інтрыгаваць супраць.. [Ланскага] таксама было марна. Інтрыгаваць можна супраць асобы, а ён даўно ўжо не быў ні асоба, ні дзяржаўны муж. Караткевіч.

2. каго-што. Узбуджаць цікавасць таямнічасцю, незвычайнасцю, загадкавасцю. [Гунаву] інтрыгавала і непакоіла паперка ў планшэце, асабліва надпіс, які толькі што зрабіў начальнік. Самуйлёнак. Словы ж аб важных справах, ды, відаць, справах, звязаных з партызанскім злучэннем, насцярожвалі .. [Сыкуна], нават інтрыгавалі. Лынькоў.

інтрыга́н, ‑а, м.

Той, хто робіць інтрыгі (у 1 знач.); нагаворшчык. Палітычны інтрыган. □ Даволі адкрыць, што побач з табой не даносчык, не інтрыган, — і як мяняецца настрой. Шамякін.

[Фр. intrigant.]

інтрыга́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да інтрыган.