Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ціхахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Пра таго, хто (або тое, што) мае невялікую скорасць, адрозніваецца павольнасцю руху, перамяшчэння. — Яшчэ малады конь, і ў целе, але, відаць, ціхаход. Гурскі. Не такі ўжо і ціхаход наш трамвай. Жычка.

ціхахо́днасць, ‑і, ж.

Уласцівасць ціхаходнага.

ціхахо́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае невялікую скорасць ходу, руху. [Бавар] выехаў на здаравенных рыжых конях, запрэжаных у дышаль доўгай і ціхаходнай фуры. Ракітны. Бурмакоў з усяе сілы націснуў на акселератар, шкадуючы ў гэты момант, што ён на ціхаходным самалёце, а не на ракеце. Шыцік.

ціхачо́м, прысл.

Разм. Тое, што і цішком. З кампаніі сябры пайшлі ціхачом, незаўважана, ні з кім не развітаўшыся. Колас. [Хведар], пакінуўшы сям’ю ў лесе, пракраўся ціхачом назад у вёску. Пестрак.

ці́хенька, прысл.

1. Тое, што і ціха (у 1 знач.).

2. Цішком, непрыкметна. Гаспадыня ціхенька штурхае Івана Мацвеевіча ў бок і паказвае смехатлівымі вачыма на Язэпа Крушынскага. Бядуля. — Маро! — сказала мадам Гамрэкелі, — бяжы на веранду і ціхенька паглядзі праз акно. Самуйлёнак.

ці́хенькі, ‑ая, ‑ае.

Памянш.-ласк. да ціхі.

ці́хі, ‑ая, ‑ае.

1. Ледзь чутны; нягучны. Ціхі посвіст, лёгкі шорах, — Цемра ночы ажыла... Крапіва. Ляснуў кароткі ціхі стрэл. Шамякін. // Які характарызуецца наяўнасцю невялікага шуму ці адсутнасцю яго; бясшумны. Ціхі горад. □ Брод перайшоў [Андрэй]. Вось цёмны ціхі млын Паўстаў прад ім. А далей — сад і круча. З. Астапенка.

2. Агорнуты цішынёй; маўклівы. Ціхая ноч. □ У парку ля ціхіх лагчын Запыленай шыбай віднеюцца лужы, Ільдзінка на сонцы блішчыць. Ляпёшкін.

3. Без адзнак вялікага руху, мітусні, беганіны. А там, за ціхаю дарогай, Шуміць бярэзнік малады. Колас. Станцыя, на якой вылазіць Дзмітрый Іванавіч, у познюю асеннюю пару заўсёды ціхая. Навуменка. // Бязветраны; зацішны. Ціхая пагода. □ Нават у самыя ціхія дні, калі і на адкрытых лугах не зварухнецца ні адна травінка, лісце асінніка няспынна дрыжыць і калоціцца. Паслядовіч. / Пра дождж і пад. Мы пад вечар прыселі пад цёплай капай. Ціхі дожджык пра нешта шаптаў нам, як друг. Кірэенка. // Бестурботны; мірны. Ціхае жыццё. □ Росным травам, Што зарой наліты. Пошум іх прысніцца ў ціхім сне. Калачынскі. // Нямоцны, слабы; кволы. Ціхі вецер развяваў непакрытыя валасы Аксінні. Лынькоў. // Слаба выражаны, ледзь прыкметны. — Жывая!.. Пад пальцамі азвалася ціхае-ціхае тахканне пульсу. Брыль.

4. Лагодны, рахманы; паслухмяны, пакорлівы. Усе яго [Івана Аляксеевіча] ведалі, як чалавека ціхага і сумленнага. Якімовіч. — Ціхі ён у нас, пане, — уступілася за сына маці. Пальчэўскі.

5. Які праходзіць спакойна, без буйных праяў. Адным словам, разам з дзяўчынай у лагеры пасялілася ціхая радасць. Ваданосаў.

6. Які не адрозніваецца хуткасцю, павольны, марудны. Ехаць ціхай рыссю. □ Без агнёў і ціхім ходам яны [Крамарэвіч і машыніст] адводзілі цягнік у тыл. Чорны.

•••

Ціхае вар’яцтва — шаленства без прыступаў буянства.

Ціхая гадзіна — тое, што і мёртвая гадзіна (гл. гадзіна).

Ціхай сапай гл. сапа.

Ціхая завадзь гл. завадзь.

ціхма́насць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць ціхманага. Яшчэ Дануся паводзіла сябе так, як часамі дзеці пры чужым нябожчыку — з забаўнай вонкавай пакорай і ціхманасцю. Карпюк.

ціхма́ны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і ціхмяны. Глушак зноў паглядзеў на лысаватага: а гэты, можа, і праўда ціхманы і добры. Мележ. Даўней Хведар быў ціхманы, сарамлівы і крыху цельпукаваты хлопец. Асіпенка.

ціхмя́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць ціхмянага. Цвінгелю Ліда ўпадабалася за пакорлівасць і ціхмянасць, за працавітасць і ўвішнасць. Кавалёў. Руды твар Сяміздрава выказваў угодлівасць і ціхмянасць. Шчарбатаў.