факсі́мільны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да факсіміле (у 1 знач.). // Які з’яўляецца факсіміле. Факсімільнае выданне рукапісаў. // Які ўзнаўляе факсіміле. Факсімільны апарат.
факстро́т, ‑а, М ‑роце, м.
Хуткі рытмічны танец чатырохдольнага размеру, а таксама музыка да гэтага танца. [Люба] закружылася па пакойчыку не то ў нейкім вальсе, не то ў факстроце. Лынькоў. У пасаджанай набок новенькай шапцы, з залацістай эмблемкай чыгуначнікаў. [Вася] бадзёра наігрываў вясёлы факстрот, склікаючы да сябе суседскую моладзь. Ракітны.
[Англ. fox — ліс і trot — хуткі крок.]
факстро́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да факстрота. Факстротная музыка.
факт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.
2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.
3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.
[Ад лац. factum — зробленае.]
фактаграфі́чнасць, ‑і, ж.
Кніжн. Уласцівасць фактаграфічнага. Фактаграфічнасць рамана.
фактаграфі́чны, ‑ая, ‑ае.
Кніжн. Заснаваны на фактаграфіі, на апісанні фактаў без іх аналізу.
фактагра́фія, ‑і, ж.
Кніжн. Апісанне фактаў без іх аналізу, абагульнення.
[Ад лац. factum — зробленае і грэч. graphō — пішу.]
фа́ктар, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Момант, істотныя абставіны ў якім‑н. працэсе, з’яве. Кожная сцэна служыць асноўнай задачы: яна дапамагае раскрыць унутраны, маральны фактар бітвы праз псіхалогію воінаў. Дзюбайла. [Палкоўнік:] — Нечаканасць — вельмі важны фактар у баі. Новікаў.
2. ‑а. Уст. Пасрэднік, камісіянер. Аканомам хлопца прызначаць было рана, і таму пан зрабіў яго чымсьці накшталт фактара і перакупшчыка, з пенсіяй трыццаць рублёў месячныя ды яшчэ з панскім жыллём, вопраткай і ежай. Караткевіч.
3. ‑а. Уст. Кіраўнік тэхнічнай часткі друкарні, які ажыццяўляе сувязь друкарні з яе кліентамі. Калі выдавец увайшоў у друкарню, дык наборшчыкі пачалі пырскаць і фыркаць. Фактар растлумачыў іх весялосць, прызнаўшыся яму, што наборшчыкі паміралі са смеху, набіраючы яго кнігу. Клімковіч.
[Лац. factor — які робіць, стварае што‑н.]
фа́ктарскі, ‑ая, ‑ае.
Уст. Які мае адносіны да фактара (у 2, 3 знач.). Фактарская пасада.
фа́ктарства, ‑а, н.
Уст. Занятак, пасада фактара (у 2, 3 знач.). Зарабляць грошы фактарствам.