факт, ‑а, М ‑кце, м.
1. Сапраўдны, нявыдуманы выпадак, з’ява, здарэнне; тое, што адбывалася на самай справе. Падзеі, якія адбываюцца ў п’есе «Раскіданае гняздо», абапіраюцца на жыццёвыя факты. Рамановіч. // Прыклад, выпадак. [Краўчанка:] — А факты адгрузкі пустой пароды? Гэта ж усё абгрунтоўваецца .. [Берднікавым] навукова. Мікуліч. Сам факт паездкі [моладзі] на цаліну зробіць карысны ўплыў на калгаснікаў, паспрыяе ўзмацненню працоўнай актыўнасці. Дуброўскі. // Матэрыял для якога‑н. вываду, заключэння. У час вайны Даніла Мікалаевіч не аднойчы сустракаўся з фактамі, якія прывучылі яго да больш разважлівых вывадаў. Паслядовіч. Шэркас расказаў.. падрабязна і кожны свой довад пераканальна пацвердзіў фактамі. Кулакоўскі.
2. Рэальнасць, рэчаіснасць. [Доктар:] — Я рэвалюцыі чакаў і нават памагаў яе рабіць, пакуль яна не была фактам. Чорны. // Наяўнасць чаго‑н. У падмацаванне факта гэтай распусты Аленчына маці расказала некалькі прыкладаў. Колас. / у знач. вык. Разм. Пра бясспрэчную ісціну. [Янукевіч:] — Нашым механізатарам цяпер ёсць чым пахваліцца — гэта факт. Хадкевіч. [Сцяпан Пятровіч:] — У мяне двое дзяцей. І што я іх люблю — факт. Ермаловіч.
3. у знач. сцвярджальнай часціцы. Разм. Ужываецца ў значэнні: сапраўды, зразумела, бясспрэчна. [Інжынер:] — Ох, і хітр[ы] ж .. гэты Маслабоеў! Чуў, куды ён гне? Залагоджвае начальства, факт! Каршукоў.
[Ад лац. factum — зробленае.]
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)