Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усёве́дны, ‑ая, ‑ае.

Іран. Які ўсё ведае, азнаёмлены з усім.

усёвіду́шчы, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які бачыць усё. Усёвідушчае вока.

усёдарава́льны, ‑ая, ‑ае.

Які даруе ўсё, усім. Якія б усёдаравальныя і добрыя мы ні былі, у імя справядлівасці павінны сказаць, што раманы .. [«Людзі на балоце» І. Мележа і «Даль палявая» Т. Хадкевіча] па сваіх ідэйна-мастацкіх якасцях не раўназначныя. Шкраба.

усёдарава́нне, ‑я, н.

Дараванне ўсяго і ўсім. Але і ва ўсёй сваёй творчасці, і ў апавяданні «Глядзіце на траву» ў прыватнасці, аўтар, зразумела, далёкі ад усёдаравання. Бугаёў.

усёе́дны, ‑ая, ‑ае.

Які ўжывае самую разнастайную ежу. Усёедная жывёліна.

усёзна́йка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑пайцы, Т ‑ай (‑аю), ж.

Разм. іран. Чалавек, які лічыць, што ён усё ведае. Калі Кляпнёў выпіў чарку, другую і ўвайшоў у сваю натуральную ролю ўсёзнайкі і балбатуна, Іван Васільевіч раптам ціхенька войкнуў і схапіўся за сэрца. Шамякін.

усёзна́йства, ‑а, н.

Разм. іран. Уласцівасць, манера паводзін чалавека, упэўненага ў тым. што ён усё ведае.

усёзнішча́льны, ‑ая, ‑ае.

Які знішчае, разбурае ўсё, прыводзіць да гібелі ўсё. Цяпер.. [Ірына] сама павінна ўдыхнуць у гэтыя няхітрыя рэчы страшэнную, усёзнішчальную сілу разбурэння. Лынькоў.

усёмагу́тнасць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць усёмагутнага. Усёмагутнасць розуму. Усёмагутнасць часу.

2. Бязмежнай улада, сіла. Усёмагутнасць чалавека.

усёмагу́тны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае неабмежаваную сілу, уладу. Усёмагутны валадар.

2. Які мае неадольную ўнутраную сілу; глыбока ўплывовы. Усёмагутнае слова. Усёмагутная мода.