усталява́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад усталяваць.
2. у знач. прым. Які канчаткова склаўся; нязменны. Пакуль калгас быў малы, у ім усё ішло ўсталяваным ладам. Дуброўскі.
3. у знач. прым. Прыведзены ў парадак, уладкаваны. Усталяванае жыццё. Усталяваны быт.
усталява́цца, ‑лююся, ‑люешся, ‑люецца; зак.
1. Надзейна ўстанавіцца, умацавацца. Міналі гады... У нас усталявалася Савецкая ўлада. Астрэйка. Палкавы камітэт разагнаў эсэраў і бундаўцаў і памог бальшавіцкай меншасці ўсталявацца ў пасялковым Савеце. Чыгрынаў. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Зіма ўсталявалася ўжо ў лістападзе. □ Пасля непагодлівых дзён з дажджамі і сцюдзёнымі вятрамі нарэшце ўсталявалася ціхае яснае надвор’е. Шчарбатаў. / у перан. ужыв. А ў нас усталяваўся цудоўны пах перасушанага сена: відаць, ад таго раскошнага сенніка, на якім спіць маці. Каршукоў. // Стаць прыгодным для карыстання (пра дарогу і пад.). Гулі машыны, мчалі з Асіпаўскага ў Грыні і назад. Для іх усталявалася дарога, як цэмент. Пташнікаў.
2. Асесці, уладкавацца дзе‑н. Усталяваўшыся на сталай базе ў лесе, Алег з групай партызан выйшаў на заданне. «Маладосць». [Маці:] — Няхай едзе, усталюецца, напіша, з’ездзіш паглядзіш, а пасля таго — забірай дзяцей і ўсе рэчы. Дубоўка. Мы дамовіліся перапісвацца, калі ўсталюемся на рабоце. Марціновіч.
3. Наладзіцца, замацавацца. Толькі пасля вайны ўзаемаадносіны ў нашай сям’і ўсталявалася, як прыязныя: мачыха, мабыць, ужо не баялася, што я буду прэтэндаваць на нейкую часціну спадчыны. Сабаленка. У літаратурным асяроддзі ўсталявалася думка, што другая кніжка часцей за ўсё бывае слабейшая за першую. Грахоўскі. // Стаць звычаем, традыцыяй. Леанід Ляонцьеў выказаў, бадай, агульную думку ўсіх удзельнікаў семінара: — Каб нам часцей так сустракацца, каб усталявалася гэтая традыцыя — традыцыя творчых сустрэч, творчага адзінства! «Маладосць». // Разм. Устанавіцца, наступіць. Нарэшце гоман сціх. Усталявалася цішыня. Асіпенка.
усталява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.
1. Паставіўшы, змясціўшы куды‑н., устанавіць належным чынам. Хлопец у цяльняшцы звалок да металічнага чоўна пераносны матор, усталяваў яго і, ні пра што не пытаючыся, торгаў за ланцужок бітых дзесяць хвілін, намагаючыся завесці сваю «канструкцыю». Караткевіч. І толькі зрэдку, трапляючы па справах у гэты дом, у якім калгаснікі ўсталявалі ваўначоску, той-сёй возьме бывала ды і прыгадае Ігната. М. Ткачоў.
2. Зрабіць моцным, устойлівым, надзейным існаванне чаго‑н. Усталяваць уладу. Усталяваць мір на ўсёй зямлі. // Прывесці ў пэўны парадак, наладзіць. Усталяваць жыццё.
устанаві́цца, ‑новіцца; зак.
1. Разм. Стаць, размясціцца дзе‑н., якім‑н. чынам. Паліцыянты ўстанавіліся шпалерамі ўздоўж нораў. Пестрак. Вось і ўстанавілася своеасаблівая чарга, наперадзе якой знаходзіцца старэйшае птушаня, а ў канцы — самае маленькае. Самусенка.
2. Стаць устойлівым, пастаянным; умацавацца. Калі ўстанавілася Савецкая ўлада, Андрэй Бабейка быў ужо рослы, ладны хлопец, паўнапраўны гаспадар бацькавай сядзібы. Хадкевіч. // Перастаць змяняцца, зрабіцца ўстойлівым. Пагода, нарэшце, установіцца і ў бліжэйшыя дні будзе скончаны сенакос. Чарнышэвіч. На поўдні Украіны ўстанавілася цёплае надвор’е. «Звязда».
3. Скласціся, наладзіцца, усталявацца. [Юскавец:] — Скажу толькі, што ваша трактоўка Лабановіча разыходзіцца з той, якая ўстанавілася ў нас цяпер і лічыцца бясспрэчнай. Дамашэвіч. У групе бадай што з першага дня ўстанавіліся свае таварыскія сувязі, выявіліся сімпатыі. Карпаў. Між бабкай і Слаўкам скончыліся сваркі. Устанавілася такая любоў і дружба, што толькі можна было пазайздросціць. Няхай. // Наступіць. За сталом устанавілася мёртвая цішыня. Навуменка.
устанаві́ць, ‑наўлю, ‑новіш, ‑новіць; зак., што.
1. Паставіць, змясціць што‑н., падрыхтаваўшы для выкарыстання. Устанавіць матор. Устанавіць тэлефон. □ Дзед тут жа ўстанавіў новы вулей, паднёс да яго дачок з роем і сказаў да Міхалкі: — Давай, ты злавіў яго, ты яго сам і перасаджвай. Якімовіч. Цёмнай ноччу.. [Тарас] дапамог партызанам пракрасціся да.. складаў і ўстанавіць міны. Краўчанка.
2. Дабіцца ажыццяўлення чаго‑н. Вялікая Кастрычніцкая сацыялістычная рэвалюцыя, якая ўпершыню ў гісторыі ўстанавіла ўладу рабочага класа ў саюзе з працоўным сялянствам, адкрыла чалавецтву шлях да сацыялізма. «Звязда».
3. Ажыццявіць, арганізаваць, наладзіць. Устанавіць дзяжурства. Устанавіць кантроль.
4. і з дадан. сказам. Выявіць, вызначыць, высветліць. [Галкоўскі:] — Аказваецца, калі мяне вадзілі, ужо з турмы, на медыцынскую камісію ў раённую бальніцу, каб устанавіць там мой узрост, то там мне далі на вока шаснаццаць гадоў, нават трохі больш. Чыгрынаў. Партызанская разведка ўстанавіла, што грэбля ўзмоцнена ахоўваецца гітлераўцамі. Шчарбатаў. Па чаргаванню гукаў дзед Талаш устанавіў, што.. ішоў чалавек. Колас. // Давесці, адкрыць. Устанавіць залежнасць велічынь. Устанавіць ісціну.
5. Увесці ў дзеянне, узаконіць. Устанавіць цэны. Устанавіць васьмігадзінны рабочы дзень. // Дасягнуць высокіх вынікаў. У суме дзесяці відаў праграмы юнак устанавіў новы рэкорд рэспублікі. Шыцік.
устанаўле́нне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. устанаўліваць — устанавіць.
2. Тое, што ўстаноўлена; закон. Палітычныя ўстанаўленні грамадства.
устана́ўлівацца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да устанавіцца.
2. Зал. да устанаўліваць.
устана́ўліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да устанавіць.
устанаўля́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да устанавіцца.
2. Зал. да устанаўляць.
устанаўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да устанавіць.