Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

успа́сці, ‑паду, ‑падзеш, ‑падзе; ‑падзём, ‑падзяце, ‑падуць; пр. успаў, ‑пала; зак., на каго-што.

Разм.

1. Напасці з мэтай захопу, грабяжу, забойства і пад. [Сяргей:] — Як драпежныя рабаўнікі, успалі магнаты на наша народнае багацце. Машара. / у перан. ужыв. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ўночы, і ўдзень. Гілевіч.

2. Накінуцца на каго‑н. з лаянкай, папрокамі і пад. — Чаго ты прычапіўся да дзіцяці? — успала матка. Баранавых. У хаце Каця не прамінала пры гэтым на мужа ўспасці: Зноў аднае дзындры набраў. Лобан.

3. Выпадкова трапіць, набрысці на што‑н. Успасці на след.

•••

Успасці на думку каму — тое, што і прыйсці на думку каму (гл. прыйсці).

успаўза́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. успаўзаць — успаўзці.

успаўза́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да успаўзці.

успаўзці́, ‑зу, ‑зеш, ‑зе; ‑зём, ‑зяце; пр. успоўз, ‑паўзла, ‑ло; зак.

Паўзком узабрацца на што‑н., куды‑н. Змоўшчыкі на карачках успаўзлі на снежны вал і рынуліся да запаветнай лаўкі. Нядзведскі. Вунь на лісцік дзяцеліны ўспаўзла «божая кароўка», расправілі чырвоныя надкрыллі і знікла. Даніленка. // Разм. Павольна ўзысці, уз’ехаць на што‑н., куды‑н. Вось фурманка ўспаўзла на пагорак і адтуль стала відаць, што насустрач, па дарозе, марудна ідуць два чалавекі. Сачанка. Грукат няспынна нарастаў, узмацняўся, і, нарэшце, на лінію акопаў успаўзлі адзін за адным тры.. танкі. Машара.

успа́цца, усплюся, успішся, успіцца; успімся, успіцеся; зак.

Моцна спаць. [Маці:] — Ды ўстань жа ты, Жэнька! Вось успалася! Крапіва.

успе́ецца, безас. зак.

Можна паспець, няма куды спяшацца. А чаму яны [каровы] такія мурзатыя ды лахматыя? Гэта бачыла і раней даярка, але неяк адкладвалася само сабою: ат, успеецца, пачышчу, мае не горшыя за іншых... Бялевіч.

успе́нены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад успеніць.

2. у знач. прым. Пакрыты пенай. Навекі запомніў душой камуніста.. На ўспененых конях, пад сцягам агністым З байцамі ўляцеў у сяло. Бялевіч.

успе́ніцца, ‑ніцца; зак.

Пакрыцца пенай, ператварыцца ў пену. Успенілася піва.

успе́ніць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; зак., што.

Утварыць пену, ператварыць у пену. Стары пад’ехаў да купкі людзей, нешта растлумачыў ім. Праз хвіліну людскі ланцужок праскакаў да Равекі, успеніў ваду, выбраўся на сухое і папраставаў полем у бок Мілага. Караткевіч.

успе́ньвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да успеніцца.

2. Зал. да успеньваць.