усмакта́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад усмактаць.
усмакта́цца, усмокчацца; зак., у каго-што.
1. Моцна, глыбока ўпіцца ў што‑н. П’яўка ўсмакталася ў нагу.
2. Увабрацца ў што‑н. (пра вадкасць). Усмакталася вада ў зямлю. □ Віно ўсмакталася ў белы абрус шырокаю плямаю. Баранавых.
3. Прысмактацца губамі (пра дзіця).
усмакта́ць, усмакчу, усмокчаш, усмокча; зак., што.
Увабраць у сябе, паглынуць. У нізінах на лузе жывым срэбрам паблісквае вада: зямля яшчэ яе ўсю не ўсмактала. Сабаленка. // Засмактаць. Гадзіну таму назад нас хацелі затрымаць у лесе нанач зыбучыя пяскі, якія патрапілі ўсмактаць у сябе колы машыны амаль дарэшты. Пестрак. Мокрая зямля ўсмактала ў сябе скрыню, і тая аніяк не паддавалася з месца. Карпюк.
усмалі́ць 1, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак., што.
Разм. Добра засмаліць што‑н. Усмаліць лодку.
усмалі́ць 2, усмалю, усмаліш, усмаліць; зак.
Разм. Моцна ўдарыць, стукнуць чым‑н. — Хто там? Стой, а то як усмалю! — крыкнуў на ўвесь голас Бобрык і скочыў убок. Дуброўскі. // Стрэліць. Гэта дзядзька Адам усмаліў дуплетам са сваёй дубальтоўкі па ваўках, якія падкрадаліся да яго будана. Сабаленка.
усме́х, ‑у, м.
Разм. Тое, што і усмешка. Хлопчык з усмехам шчаслівым Слухае матулю. Колас.
усме́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Міміка твару, губ, вачэй, якая паказвае схільнасць да смеху або вырашае радасць, задаволенасць і пад. Чыстая ўсмешка. Лагодная ўсмешка. Вясёлая ўсмешка. Усмешка шчасця. □ Старшыня ішоў наперадзе, несучы на губах здаволеную і хітрую ўсмешку. Колас. Калі ўсміхаецца жанчына, Што тоіцца ва ўсмешцы той, Якая думка, і прычына, І сэнс, і мара, і настрой? Лойка. Ты прайшла з усмешкай цёплай, Прашумела, нібы ветласць Той вясны, што ты адбіла Тонкай постаццю дзявочай. Панчанка.
усме́шлівасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць усмешлівага. Вясёлая ўсмешлівасць не сышла з твару, а расплылася шырока і засталася так. Мурашка.
усме́шлівы, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які часта ўсміхаецца, любіць усміхацца. Дзяўчына, раней такая спакойная, ясная, як дзень, усмешлівая, цяпер не таіла сваёй трывогі. Вышынскі. // Які выражае ўсмешку. Жанчына перавяла ўсмешлівы позірк з Гольц-Мілера на Пятра Пятровіча. Мехаў. [Міхась] бянтэжыцца, убачыўшы ўсмешлівыя вочы Тышкевіча. Асіпенка.
усміха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Выражаць усмешкай радасць, задаволенасць, іронію, пагарду і пад. Маці дабрадушна ўсміхаецца і ледзь наспявае адказваць.. [жанчыне]. Васілевіч. Галя ўсміхалася жыццярадасна і шчыра, яна расчырванелася, нібы маладуха. Марціновіч. Заўсёды ён усміхаўся, і яго вочы іскрыліся такой радасцю, што Новікаў таксама не мог стрымацца, і ён смяяўся разам з Ільічом. Мяжэвіч. // Усмешкай выражаць свае адносіны да каго‑, чаго‑н., адказваць на што‑н. [Зося] ўсміхалася Галене і з замілаваннем глядзела, як тая вітаецца з бацькам яе. Чорны. / у перан. ужыв. Я адзін пайшоў дарогай І, не гледзячы на месяц, Што халодна ўсміхаўся, Пра яе [дзяўчыну] з тугой нязвыклай Думаў так і думаў гэтак... Панчанка. Зводдаль светла ўсміхаецца хата, І, расхрыстаны, юны, без шапкі, У прадчуванні вялікага свята Я прыношу яловыя лапкі. Гаўрусёў.