Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

усалі́ць, усалю, усоліш, усоліць; зак., што.

Спец. У меру, дастаткова прасаліць. Усаліць рыбу.

усачы́ць, усачу, усочыш, усочыць; зак., каго-што, за кім-чым.

1. Назіраючы, сочачы за кім‑, чым‑н., паспець заўважыць, убачыць што‑н. У Мінску штодня адбываліся арышты. Абстаноўка там мянялася часта і ўсачыць ён усімі зменамі ў падполлі было надзвычай цяжка. Дзенісевіч. Творчы працэс вельмі складаны, за ім не ўсочыш і не ўціснеш у нейкія формулы. Сяргейчык.

2. Назіраючы за кім‑, чым‑н., не дапусціць чаго‑н. непажаданага, утрымаць ад якіх‑н. непажаданых учынкаў. Аднак увесь час усачыць за Панцем было нялёгка. Што больш хлапчук падрастаў, то ўсё горш рабіўся непаседлівы. Кулакоўскі.

усва́таць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Разм.

1. Сватаючы, дабіцца згоды на шлюб; сасватаць. [Несцер Іпатавіч:] — Нават дзецюка самага лепшага ва ўсім Турчанскім раёне вам [Валянціна Фёдараўна] за мужа ўсватаў. Дубоўка.

2. перан. Уладкаваць каго‑н. куды‑н. — Ат, — пачуўся насмешлівы голас Лясовіча, — вы самі, Сцяпан Захаравіч, усваталі яго ў старшыні і робіце выгляд, што плачаце. Хадкевіч. Думаў я пра гэта і вечарам, калі клаўся спаць на сваім новым ложку ў хаце цёткі Антоніхі, куды мяне ўсватаў на жыхарства калгасны бухгалтар. Нядзведскі. // Схіліць каго‑н. да чаго‑н. [Усевалад:] — Баюся нават сказаць, Барыс. Вельмі ж у цяжкую справу ты мяне ўсватаў. Скрыган. // Навязаць каму‑н. што‑н. Кожнай з гэтых баб хацелася больш за ўсіх увайсці ў Аміліна давер’е, бо гэта быў тавар, які можна было ўсватаць шмат каму, і мець ад гэтага нейкі заработак. Чорны.

усведамле́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. усведамляць — усвядоміць; дзеянне і стан паводле знач. дзеясл. усведамляцца — усвядоміцца. Моўчкі ідуць.. [Аўгіня і Алеся] ад магілы, адна ў засмучэнні аб тым, што было, другая ў радасным усведамленне, што сапраўдны бацька яе — герой-партызан. Колас. Усведамленне сваіх памылак не лажылася ў галаву Юхневіча, не хацелася прызнаваць няправільнасць сваіх думак, і было крыху крыўдна, што ён, відаць, сапсаваў вячэру Андрэю. Савіцкі. Вараніцын сеў, горды ад усведамлення выкананага ім абавязку. Асіпенка.

усведамля́цца, ‑яецца; незак.

Зал. да усведамляць.

усведамля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.

Незак. да усвядоміць.

усвядо́міць, ‑млю, ‑міш, ‑міць; зак., што.

Поўнасцю, да канца зразумець што‑н.; уразумець. Юнацтва планеты ўсвядоміла, што сёння ствараецца будучыня і для яго. «Маладосць». Адна справа ўсвядоміць з’яву, другая справа пазбыцца схільнасцей і звычак, якія ты ўвабраў з малаком маці. Карпюк. [Стасюню] падвялі да Кісялёва, і толькі цяпер яна поўнасцю ўсвядоміла ўсё, што адбылося. Чарнышэвіч.

усвядо́млены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад усвядоміць.

усвядо́мліваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да усвядоміць.

усе́,

гл. увесь.