турбабу́р, ‑а, м.
Спец. Забойцы гідраўлічны рухавік для бурэння глыбокіх свідравін (пераважна на нафту).
турбава́цца, ‑буюся, ‑буешся, ‑буецца; незак.
1. Праяўляць клопат, трывожыцца аб кім‑, чым‑н. Круглатварая, кірпаносая, з бялявым тварам, ветлівая і вясёлая,.. [Аўдуля] заўсёды турбавалася аб Міхалу. Лупсякоў. — Работы? Шукай, брат, сам. Сам турбуйся аб сабе, — спакойна адказаў Варановіч. Дуброўскі. «За азімыя можна не турбавацца, — разважае Анатоль. — Цяпер на чарзе новыя клопаты: сяўба яравых». Шымук.
2. Хвалявацца, непакоіцца. — Значыць, турбуешся, куды пайсці вучыцца? — гаворыць дзядзька Ахрэм і знімае з Тараскавай галавы папяровую шапку. Юрэвіч. Такім чынам Грамабой і сам ведаў, што яму рабіць: — яшчэ да сямейнай нарады цішком пераказаў некаторым з радні — няхай не турбуюцца, вяселля заўтра не будзе. Крапіва. Справа амаль скончылася, думалася, што турбавацца, уласна, і не было чаго. Быкаў.
турбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак., каго-што.
1. Парушаць чый‑н. спакой, непакоіць каго‑н., перашкаджаць каму‑н. — Дзень добры, — павіталася Зоя Уладзіміраўна. — З бібліятэкі вас турбуюць. Шыловіч. Ці стомлены буду, Ці лень успадзе — Турбуй мяне, дружа, І ў ночы, і ў дзень. Гілевіч. [Раіса:] — Мне думалася, што на гэтай рабоце мяне ніхто не будзе турбаваць, нікому я не патрэбна буду. Ды і ні на што я больш не здатна. Лобан.
2. Пастаянна хваляваць, трывожыць, не даваць спакою. Вынасіў дзед Талаш, як маці дзіця, сваю неспакойную думку. Наўперад мільгала яна цьмяна і нясмела, але патроху ўсё болей і болей акрэслівалася, часцей і часцей турбавала дзедаву галаву. Колас.
турбавентыля́тар, ‑а, м.
Лопасцевы насос для перамяшчэння газу, які прыводзіцца ў вярчэнне турбінай.
турбавентыля́тарны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турбавентылятара, забяспечаны турбавентылятарам. Турбавентылятарны рухавік.
турбавінтавы́, ‑ая, ‑ое.
Такі, у якім вінт (прапелер) прыводзіцца ў рух газавай турбінай. Турбавінтавы самалёт.
турбаво́з, ‑а, м.
Лакаматыў, які прыводзіцца ў рух паравой або газавай турбінай.
турбагенера́тар, ‑а, м.
Генератар пераменнага ці пастаяннага току, які прыводзіцца ў дзеянне паравой ці газавай турбінай.
турбагенера́тарны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да турбагенератара. Турбагенератарны завод.