Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

студзі́цца, студзіцца; незак.

1. Астуджвацца, ахалоджвацца. Яшчэ ноччу затурыў [Езуп] усе бутэлькі ў возера і спусціў у ваду. Няхай студзяцца. Броўка.

2. Зал. да студзіць.

студзі́ць, студжу, студзіш, студзіць; незак., што.

1. Рабіць халодным, дзьмучы на гарачую страву. Усе пафукваюць ды студзяць І верашчаку тую вудзяць І толькі чаўкаюць губамі Ды зрэдку скрыгаюць зубамі. Колас. Драбок снедае. Есць ён па-старамоднаму: кусае хлеба, жуе, чэрпае лыжкай поліўку, але да рота лыжку адразу не падносіць, а кладзе на лусту хлеба і зацята студзіць. Навуменка. // Дзьмуць, фукаць на больку. [Дзядзька Мікалай] нізка нагнуўся і пачаў студзіць рану. Ставер.

2. Халадзіць, марозіць. Холад студзіць ногі, падбіраецца да спіны. Асіпенка. Раса апала. Ядраная, празрыстая, яна толькі дзе-нідзе холадна паблісквала ў лапушыстых лісцях малачаю ды студзіла, мачыла ногі ў густых зарасніках алешніку і крушыны. Сачанка. // Астуджваць, выпускаючы цяпло. [Вулька:] — Дзе гэта відана, каб так часта попел выносіць, толькі хату студзіць. Лынькоў. // перан. Прыводзіць да стану здранцвення. А непадалёку ад школы .. [Шпак] убачыў на тоўстых суках ліпы двух павешаных дзядоў, якіх фашысты палічылі партызанамі і цяпер цешыліся сваёй перамогай. Усё гэта адразу зразумеў Шпак, і ўсё гэта цяпер студзіла ў яго жылах кроў. Ваданосаў.

студзяне́ць, ‑ее; незак.

Станавіцца студзяністым.

студзяні́сты, ‑ая, ‑ае.

Падобны на студзень ​2, жэле. Студзяністае рэчыва.

сту́дня, ‑і, ж.

Калодзеж. Ідучы вуліцаю, Глушкевіч убачыў, як насустрач яму ад студні набліжалася рослая жанчына з суднамі вады. Дуброўскі. Аня бачыла, як .. [салдат] выйшаў на двор, выцягнуў вады са студні, стаў заліваць у машыну. Мележ.

студы́ец, ‑дыйца, м.

Вучань студыі (у 2 знач.). Шматлікія дыспуты, гарачыя спрэчкі, прагляды і абмеркаванні розных спектакляў, выставак і карцінных галерэй і музеяў — усё гэта павышала культурны і прафесіянальны ўзровень студыйцаў. «Беларусь».

студы́йка, ‑і, ДМ ‑дыйцы; Р мн. ‑дыек; ж.

Разм. Жан. да студыец.

студы́йны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да студыі (у 2 знач.). Студыйны спектакль.

сту́дыя, ‑і, ж.

1. Майстэрня мастака або скульптара.

2. Школа для падрыхтоўкі мастакоў, скульптараў, артыстаў, дзе вучэбныя заняткі спалучаюцца з творчай практыкай. Студыя выяўленчага мастацтва. Оперная студыя. □ [Пісьмы Саковіча] памаглі мне прайсці ўвесь нялёгкі шлях вучобы ў студыі і закончыць яе на выдатна. Рамановіч. // Творчы калектыў артыстаў, мастакоў пэўнага мастацкага напрамку.

3. Спецыяльна абсталяванае памяшканне, з якога вядуцца радыё- і тэлеперадачы або ў якім праводзяцца здымкі кінафільмаў. Студыя дакументальных фільмаў. □ У цэнтры так званай малой студыі, дзе размешчана розная апаратура, ёсць невялікая пляцоўка, адкуль выступаюць дыктары. «Маладосць».

[Іт. studio.]

студэ́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Навучэнец вышэйшай навучальнай установы.

[Ад лац. studens, studentis — які старанна працуе, займаецца.]