Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

страві́ць 1, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.

1. Зрабіць патраву. Стравіць пасевы. □ Міхал Стальмаховіч прыходзіў у тыя дні ў сельсавет да Кастуся і Мікалая скардзіцца, што Мікуць хацеў стравіць яму сенажаць. Чорны.

2. Перавесці, не па-гаспадарску скарміць. — Мае бабы канюшыну за зіму стравілі, зусім мала асталося, — паведаміў Ладымер. Чарнышэвіч. [Дзед:] — Малака не дасць: запусцілася, якое ўжо там малако. Сена страўлю, а хто яго мне верне?.. М. Стральцоў.

страві́ць 2, страўлю, стравіш, стравіць; зак., што.

Засвоіць у працэсе стрававання.

страга́ч, ‑а, м.

Разм. Суровая вымова. Розныя загады на мяне былі: і «папярэдзіць», і «паставіць на від», нават страгача неяк абхапіў. Каршукоў.

страда́нне, ‑я, н.

Разм. Прыпеўкі пра каханне і музыка да іх; танец на гэту музыку. Пеця Гурбан схадзіў ужо і польку, і кракавяк, і страданне, але танцаваў ён нязграбна. Пташнікаў. За вальсам пайшла полька, страданне, кракавяк. Васілевіч.

страдыва́рый, ‑я, м.

Тое, што і страдыварыус.

страдыва́рыус, ‑а, м.

Скрыпка дасканалай формы і прыгажосці гуку, зробленая вядомым італьянскім майстрам канца 17 — пачатку 18 стст. Антоніо Страдывары.

страж, ‑а, м.

1. Высок. Ахоўнік, абаронца. Армія — страж нашых граніц. / у вобразным ужыв. [Лес] спрадвеку стаіць, нібы нязменны і зоркі страж, вакол вёскі, дзе я нарадзіўся і вырас. Сачанка.

2. перан. Той, хто заўсёды на варце, за працай. — Будзем знаёмы: Волкаў Антон Пятровіч. Дык вы, малады чалавек, не паспелі на кватэру стаць, а ўжо адразу і за працу. Хаця, я вас разумею, вы, так сказаць, страж пяра... Даніленка.

стра́жнік, ‑а, м.

1. Да рэвалюцыі — ніжэйшы паліцэйскі чын у сельскай мясцовасці. Продкі Неслухоўскіх адбывалі вайсковую службу ў Вялікім княстве Літоўскім у чынах ротмістраў, харунжых, стражнікаў Брэсцкага ваяводства і г. д. «Полымя».

2. Уст. разм. Ляснік. Аб’ездчыкі са стражнікамі Сюды [на сесію] схадзіліся, з’язджаліся. Колас.

стражні́ца, ‑ы, ж.

Пагранічны пост; застава. На фарпостах, на граніцах Безгранічных нашых земляў, З карабінам ля стражніцаў Камсамолец не задрэмле. Купала. [Прыезджыя] жылі два-тры дні ў фальварку, наведвалі пагранічную стражніцу. Пальчэўскі. [Сяргей:] — Стражніца недалёка, пагранічнікі знаёмыя, часта ў вёску прыходзяць на вечарынку. Машара.

[З польск.]

стра́жніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стражніка. У пілотцы, са скаткай з лесу Верасень выйшаў у дасветны туман каля стражніцкіх вышак. Вялюгін. // Які належыць стражніку. Усе леснікі былі ўжо ў зборы У лепшым стражніцкім уборы. Колас.

стражэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. строгі.