Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стваро́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад стварожыць.

стваро́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стварожваць — стварожыць і стан паводле знач. дзеясл. стварожвацца — стварожыцца.

стваро́жвацца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да стварожыцца.

2. Зал. да стварожваць.

стваро́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да стварожыць.

стваро́жыцца, ‑жыцца; зак.

Ператварыцца ў тварог; адтапіцца.

стваро́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; зак., што.

Ператварыць у тварог; адтапіць.

ствары́цца, створыцца; зак.

1. Утварыцца, узнікнуць. Ну, вядома, і пра чароты, з якіх праз многія стагоддзі стварыўся торф — залёг урадлівымі пластамі на шырокай і, як-ніяк, яшчэ таямнічай палескай нізіне. Пестрак.

2. Арганізавацца, пачаць дзейнічаць (пра якую‑н. грамадскую арганізацыю, установу і пад.). Кожную раніцу маці з цёткай ішлі на поле (толькі што стварыўся калгас, работы хоць адбаўляй). Парахневіч.

ствары́ць, ствару, створыш, створыць; зак., каго-што.

1. Зрабіць існуючым. Савецкая дзяржава першая стварыла штучныя спадарожнік Зямлі і Сонца. «ЛіМ». Вынаходнікі і канструктары стварылі са шкла і металу штучнае чалавечае сэрца. Матрунёнак. Нават аўтаматы, якія, здавалася, ведалі ўсё, не змаглі даць адказу, ці можна стварыць такое малекулярнае злучэнне ў зямных умовах. Шыцік. / Пра чалавека, жывыя істоты і пад. [Зямля] ж у малады свой век Стварыла цуд, які ўзвялічан Вялік[і]м імем — Чалавек. Чарнушэвіч. Не могуць кветкі гэткія дружыць І разам у адным букеце жыць, — Такімі ўжо стварыла іх прырода. Корбан. // Пакласці пачатак. Руднік .. успомніў словы Тарасіхі: «А ты ж ствары тут новае жыццё...» А як стварыць? Кірэенка. // Набыць, здабыць працай. Людзі стварылі багацце калгаса. «Работніца і сялянка». // Напісаць (навуковы, літаратурны, музычны твор, карціну); скласці. Натуральна, што стварыць адразу добры ва ўсіх адносінах падручны — справа цяжкая. Шкраба. Максім Багдановіч стварыў гэтыя радкі ў перыяд, калі эстэтычныя погляды аформіліся і ўстанавіліся. Майхровіч. // Намаляваць мастацкі вобраз сродкамі мовы. Аўтар «Тараса на Парнасе» першы ў нашай літаратуры стварыў канкрэтны, «жывы» вобраз беларускага працоўнага селяніна. Казека. / Пра іншыя мастацкія вобразы. [Архітэктары] стварылі адухоўлены высокай мастацкай праўдай вобраз паэта-барацьбіта, вешчуна, гуманіста [Янкі Купалы]. «Помнікі». // Паказаць, сыграць (па сцэне). С. Бірыла стварыў і іншыя цікавыя вобразы ў п’есах Галубка. «ЛіМ».

2. Арганізаваць, сфарміраваць. Стварыць калгас. □ Ермакоў уцёк з некалькімі таварышамі ў лес, дзе стварыў невялічкую партызанскую групу. Мележ. На адным са сваіх сходаў камсамольцы вырашылі стварыць пры сельсавеце камітэт узаемадапамогі. Пальчэўскі.

3. Падрыхтаваць, забяспечыць што‑н., зрабіць магчымым што‑н. Але каб перацягнуць .. [самалёт] .. і стварыць умовы для ўзлёту, трэба папрацаваць не аднаму дзесятку чалавек. Шамякін. Перамога СССР у Вялікай Айчыннай вайне, утварэнне сусветнай сістэмы сацыялізма стварылі для .. [вызваленчай барацьбы народаў каланіяльных краін] .. спрыяльную абстаноўку. «Звязда». Узаемная павага, давер’е, сумленнасць — вось якую атмасферу .. удалося стварыць [Дзеншчыкову] сярод брыгадзіраў калгаса. Карпюк. / Пра славу, аўтарытэт, папулярнасць і пад. Усё ж [токі] Ксеркс сваёй расправай стварыў сабе такую славу, што і дарослыя, і дзеці яго ўсе ведаюць на свеце. Дубоўка. // Выклікаць з’яўленне чаго‑н., стаць прычынай чаго‑н. Стварыць цяжкасці.

4. Сфарміраваць, надаўшы адпаведныя рысы. Праца стварыла чалавека. □ Прырода стварыла .. [дзядзьку Язэпа] такім для таго, каб якой-небудзь чулай натуры па-брацку трохі пасмяяцца над ім, а пасля над ім жа горка заплакаць. Чорны. // Надаць якія‑н. уласцівасці, рысы ў працэсе развіцця. // Прыдумаць, уявіць сабе. Мы не паклонімся богу, — Бога стварыў чалавек. Крапіва.

стварэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. стварыць.

2. Тое, што створана кім‑н.; твор літаратуры, мастацтва. Я да мазалёў на пальцах і рабаціння ў вачах папакутаваў над уласным новым стварэннем [скрыпкай]. Кулакоўскі. Мне здаецца, што ў нас ёсць усе падставы іменна такім чынам, прачытаць сягоння геніяльнае стварэнне Шэкспіра. Лужанін.

3. з азначэннем. Жывая істота — чалавек, жывёліна. [Ніна:] — Здаецца, няма нічога прыгажэй і мілей за гэтае малое, харошае стварэнне, — прыціснула яна да сябе, цалуючы, Люду... Васілевіч. Птушка — стварэнне кволае, догляду асаблівага патрабуе. Даніленка.

ствол, ствала, м.

1. Надземная частка дрэва ад каранёў да верхавіны, якая трымае на сабе галіны і лісты. Люблю сівых дубоў калоны, І соснаў стромкія ствалы. Грахоўскі. Чырвоныя ствалы соснаў высока, высока ўзнесліся ў глыбокую і нерухомую сіняву неба. Лынькоў.

2. У архітэктуры — асноўная частка калоны паміж базай і капітэллю.

3. Частка агнястрэльнай зброі ў выглядзе трубы, праз якую праходзіць, атрымаўшы напрамак палёту, куля або снарад. Намерыўся [Бычок] ціскануць на спуск, ды ўсё ж успомніў, што карабін выпадаў з рук, глянуў у ствол: канал і нават мушка былі залеплены зямлёю. Кулакоўскі. На сценах вісяць старажытныя арабскія стрэльбы з даўжэзнымі стваламі і перламутравымі інкрустацыямі на прыкладах. В. Вольскі. // Спец. Гармата (ужываецца як адзінка падліку).

4. Назва розных прадметаў, прыстасаванняў, якія маюць форму трубы. Ствол пажарнага рукава.

5. Назва некаторых органаў або тканкавых утварэнняў у арганізме, якія маюць выгляд трубкі. Ствол соннай артэрыі.

•••

Пайсці ў ствол — вырасці ў кветканоснае сцябло (пра караняплоды).

Шахтавы ствол — вертыкальная або нахіленая горная выпрацоўка, якая мае выхад на паверхню зямлі і прызначана для абслугоўвання падземных работ.