Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

мяцёлчаты, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае суквецце ў выглядзе мяцёлкі (у 2 знач.).

мя́цца, мнуся, мнешся, мнецца; мнёмся, мняцеся; незак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Рабіцца няроўным, нягладкім, збірацца ў складкі, маршчыны. Тканіна з шэрсці, ільну і бавоўны, дзе прымешаны лаўсан, не мнецца, прыгожая і трывалая. «Беларусь».

2. Таптацца, пераступаючы з нагі на нагу. Некаторыя моўчкі мяліся каля фурманак, азіраючыся на лес і на ненавісных легіянераў. Колас. Максімка мяўся на адным месцы і маўчаў. Чорны.

3. перан. Разм. Праяўляць нерашучасць, саромецца, вагацца. Хлопец топчацца і мнецца, А нарэшце прызнаецца. Колас. Ахтан мяўся, цягнуў. Проста і ясна не мог адказаць на пытанне. Алешка.

4. Зал. да мяць.

мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.

1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. □ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.

2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.

3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.

4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.

5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.