мяць, мну, мнеш, мне; мнём, мняце; заг. мні; незак., што.
1. Сціскаючы, рабіць мяккім, ператвараць расціраннем у мяккую масу; размінаць. Мяць гліну. Мяць лыжкай бульбу. ▪ Стары.. доўга разглядаў праз акуляры прынесеную.. зямлю, мяў у пальцах, нюхаў, дробнымі крупінкамі насыпаў на шкло. Кулакоўскі.
2. Тое, што і церці (у 4 знач.). [Марыля:] Добры быў лянок, палола яго, ірвала, слала, а як улежаўся — сушыла, мяла, удваіх з Зоськай нітачку па нітачцы вывелі. Купала.
3. Рабіць няроўным, нягладкім; камячыць. [Бацька] сеў у перадку, каб, мусіць, не мяць таго месца, на якім павінен быў сядзець доктар. Сабаленка. Сцяпан мяў у руках шапку, глядзеў уніз, быццам саромеўся паказаць вочы. Асіпенка.
4. Прыгінаць, прытоптваць да зямлі (аб раслінах). «Шась-шась», — мялі струхлелы ржэўнік неданошаныя зімою валёнкі. Быкаў. — Дзе ты, Лідачка? .. Чаго ты залезла туды? — хочучы быць суровай, пытае маці. — Ці ж то можна гэтакі лянок мяць? Кулакоўскі.
5. Разм. Есці з апетытам што‑н., умінаць.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)