мядне́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. мядніць.
мядні́ца, ‑ы, ж.
Абл. Медны таз. Казік у сподняй кашулі плёскаўся і фыркаў над вялікаю мядніцай. Грахоўскі.
мядні́ць, ‑ню, ‑ніш, ‑ніць; незак., што.
Наносіць слой медзі на паверхню металічных вырабаў гальванічным метадам.
мядо́вік, ‑а, м.
Мядовы пернік. Асаблівым попытам карысталіся пернікі-мядовікі.
мядо́вы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да мёду. [Людвік] выбраў чыстую мясцінку на прызбе, паставіў на ёй мядовую рамку і выйшаў на вуліцу. Кулакоўскі. // Прыгатаваны з мёду, на мёдзе. Мядовы пернік. Мядовы квас.
2. Які пахне мёдам. Верасы напаўняюць паветра мядовым пахам. В. Вольскі. // Падобны колерам на мёд, жоўта-залацісты. [Сонца] кідаецца на абшар, аблівае яго мядовым колерам. Бядуля.
3. перан. Саладжавы, прытарна-пяшчотны, ліслівы (пра голас). — Сястрычка, ідзі пагуляй, любая. Мне трэба нешта сказаць урачу, — мядовым голасам праспявала Тамара Аляксандраўна. Шамякін.
•••
Мядовы месяц гл. месяц.
мяду́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Тое, што і медуніца.
мяду́нкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да мядункі, уласцівы ёй. Мядункавы цвет. Мядункавы пах.
мяжа́, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.
1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.
2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. □ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.
3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.
•••
За мяжой — у замежных дзяржавах.
За мяжу — у замежныя дзяржавы.
З-за мяжы — з замежных дзяржаў.
мязга́, ‑і, ж.
1. Мяккая частка дрэва паміж карой і драўнінай.
2. Маса, якая ўтвараецца пасля таўчэння, расцірання чаго‑н.; жамерыны. Бульбяная мязга.