мяжа, ‑ы; мн. межы, ‑аў; ж.
1. Вузкая палоска неўзаранай зямлі паміж двума палеткамі. Межы дзялілі поле праз кожную палосу. Даніленка. За гумном, па мяжы ішлі мужчыны і гаманілі. Нікановіч. // Прыродная або ўмоўная лінія падзелу паміж асобнымі ўчасткамі, уладаннямі. Гэты бераг [ракі] можна было лічыць мяжой, за якой пачыналіся лясныя абшары. Маўр. [Маша і Васіль] перайшлі мяжу, якая раздзяляла землі іх калгасаў. Шамякін.
2. Пагранічная лінія паміж сумежнымі дзяржавамі; граніца. Недалёка была дзяржаўная мяжа, і празрыстымі адвячоркамі бачыў я сілуэты коннікаў-пагранічнікаў. Мікуліч. // перан. Аб чым‑н., што дзеліць, аддзяляе адно ад другога. На мяжы восені і зімы. ▪ Цяпер .. [Рыгор] лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Гартны.
3. перан. Норма, рубеж чаго‑н. дазволенага, магчымага. [Вікторыя Аркадзьеўна] ніколі не дазваляла ні сабе, ні .. [мужчынам] пераходзіць пэўную мяжу як у гаворцы, так і ва ўчынках. Паслядовіч. Сонца ўсё перагрэла, напаліла да апошняй мяжы, здаецца, расплавілася само. Ракітны. [Машыны] могуць быць яшчэ больш дасканалымі, больш прыгожымі, больш зручнымі, бо няма мяжы прагрэсу тэхнікі. Лынькоў.
•••
За мяжой — у замежных дзяржавах.
За мяжу — у замежныя дзяржавы.
З-за мяжы — з замежных дзяржаў.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)