Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лабарато́рыя, ‑і, ж.

1. Спецыяльна абсталяванае памяшканне для навуковых або тэхнічных даследаванняў; установа, у якой займаюцца такімі даследаваннямі. Хімічная лабараторыя. □ Закончыўшы лекцыі, Дальскі накіроўваўся ў сваю лабараторыю, з якой ён амаль не выходзіў на працягу двух апошніх месяцаў, і за гэты час прарабіў у ёй ледзь не астранамічную колькасць доследаў. Шахавец. Цэлы тыдзень Марына Міхайлаўна, нікуды не выязджаючы, працавала ў аграгэхнічнай лабараторыі. Паслядовіч.

2. перан. Творчы працэс, творчая дзейнасць каго‑н. Творчая лабараторыя пісьменніка.

[Лац. laboratorium.]

лабарда́н, ‑у, м.

Уст. Прасоленая і правяленая траска без хрыбтовай косці.

[Гал. labberdaan.]

лаба́сты, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і лабаты.

лаба́ты, ‑ая, ‑ае.

Разм.

1. З вялікім выпуклым ілбом; шыракалобы. Апусціўшы лабатую вушастую галаву, .. [сабака] рынуўся насустрач мне. Савіцкі.

2. Падобны на лоб; акруглены, выпуклы. Лабаты ўзгорак. □ Жаўтагрывы, лабаты сланечнік павярнуў свой шырокі, бы рэшата, твар і пачаў углядацца на ўсход. Капыловіч.

лаба́ціна, ‑ы, ж.

Разм. Лоб чалавека або жывёлы. Мядзведзь на хвіліну аслеп, зажмурыў вочы, зароў, завыў, хацеў кінуцца на Вышамірскага. Вышамірскі адскочыў за дрэва. Мядзведзь .. стукнуўся лабацінай аб хвою і паваліўся. Бядуля.

лабі́льнасць, ‑і, ж.

Спец.

1. Уласцівасць лабільнага. Лабільнасць дзіцячага арганізма.

2. Функцыянальная рухомасць адчувальнай тканкі нерва, мышцы. Лабільнасць мышачных валокнаў.

лабі́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Настойкі, няўстойлівы, рухомы.

[Ад. лац. labilis — рухомы.]

лабіры́нт, ‑а, М ‑нце, м.

1. Палац з мноствам пакояў і заблытаных хадоў, пабудаваны, паводле старажытнагрэчаскага падання, Дэдалам на востраве Крыт.

2. Складанае, заблытанае размяшчэнне памяшканняў, праходаў, дарог, алей у парку і пад. Вялізны санаторый адразу здаўся Казанцаву сапраўдным лабірынтам. Васілевіч.

3. перан. Што‑н. вельмі складанае, заблытанае, у чым цяжка адразу разабрацца. Лабірынт думак. Лабірынт падзей. □ У лабірынце памяці маёй Цудоўнейшыя скарбы выяўляю. Танк.

4. Спец. Унутраная частка вуха.

[Грэч. labyrinthos.]

лабіры́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да лабірынта.

лабіядэнта́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Тое, што і губна-зубны.

[Ад лац. labium — губа і dens (dentis) — зуб.]