ко́ржык, ‑а, м.
1. Памянш. да корж.
2. Салодкі кандытарскі выраб; род пячэння. Бабуля частавала мяне коржыкамі і арэхамі ў мёдзе. Бядуля.
ко́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Зацвярдзелы верхні слой чаго‑н. Ледзяная корка. □ Цяпер ужо не адзін Алесь шнураваў па снезе, ломячы шчыльную корку шарону. Шынклер.
ко́ркавы 1, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да корку (у 1 знач.). // Зроблены з корку. Коркавы пояс. Коркавая ручка. Коркавая падэшва.
•••
Коркавае дрэва гл. дрэва.
ко́ркавы 2, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да кары галаўнога мозга. Коркавае рэчыва.
корм, ‑у; мн. кармы, ‑оў; м.
Ежа жывёлы. Волька рабіла ўсё ціха, нячутна: перастаўляла чыгункі, вёдры, рыхтавала корм парасяці, карове. Васілевіч. // звычайна мн. Розныя віды прадуктаў, якія ідуць у ежу жывёле. Сіласаванне кармоў.
•••
Грубыя кармы — раслінныя кармы (сена, салома, мякіна і пад.) з адносна малой колькасцю пажыўных рэчываў.
Дражджаваныя кармы — кармы, прыпраўленыя кармавымі дражджамі.
Зялёны корм — зялёная маса кармавых раслін, каштоўны корм для ўсіх сельскагаспадарчых жывёл.
Падножны корм — раслінны корм, які з’ядаецца жывёлай на корані. Каб знайсці падножны корм, козы і авечкі робяць вялікія пераходы і па нізіне, і па гарах. В. Вольскі.
Сухія кармы — кармы, прыгатаваныя ў выглядзе канцэнтратаў.
На падножны корм (ісці, адпраўляцца і пад.) — пачынаць жыць на сродкі, здабытыя дзе прыйдзецца і як папала. — Схуднееш, калі паходзіш, як я, ды пахарчуешся на падножным корме. Новікаў.
корма... (а таксама карма...).
Першая састаўная частка складаных слоў, якая па значэнню адпавядае слову «корм», напрыклад: кормавытворчасць.
кормавытво́рчасць, ‑і, ж.
Вытворчасць кармоў для жывёлы.
кормазаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Завод, які нарыхтоўвае корм для жывёлы.
кормазагру́зчык, ‑а, м.
Машына для транспарціроўкі і загрузкі сыпкіх кармоў у бункеры на жывёлагадоўчых фермах.
кормазапа́рачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да запарвання кармоў. Кормазапарачная ўстаноўка.
кормазапа́рнік, ‑а, м.
Цеплавая ўстаноўка для запарвання кармоў.