конегадо́вец, ‑доўца, м.
Той, хто займаецца конегадоўляй.
конегадо́ўля, ‑і, ж.
Развядзенне коней як галіна жывёлагадоўлі.
конегадо́ўчы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да конегадоўлі, звязаны з ёю. Конегадоўчая ферма. Конегадоўчая гаспадарка.
ко́нік 1, ‑а, м.
1. Памянш.-ласк. да конь (у 1 знач.); невялікі конь. Конік быў не такі ўжо і благі на выгляд. Маленькі, як жарабя, сівай масці. Якімовіч.
2. Дзіцячая цацка, падобная на каня, конскую галаву. Дзеці дзьмуць у .. конікі. Дзірачкі пальчыкамі перабіраюць. Бядуля.
3. Дзіцячая гульня — язда вярхом на палачцы. Гуляць у конікі.
•••
Марскі конік — трапічная і субтрапічная марская рыбка, галава якой падобная на конскую.
Быў конік, ды з’ездзіўся — тое, што і была кабылка, ды з’ездзілася (гл. кабылка).
Выкінуць коніка гл. выкінуць.
ко́нік 2, ‑а, м.
1. Насякомае, якое скача і стракоча крыламі. Луг зялёны жыццём дыша — Конікі трашчаць. Колас. Кузьма сеў на кучу свежай саломы, з якой за ўсе бакі пырснулі маленькія конікі. Дуброўскі.
2. Птушка сямейства сітаўкавых.
ко́нікавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да коніка 2. Конікавы строкат. Конікавы піск.
ко́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Гарадская рэйкавая дарога, па якой хадзілі вагоны на коннай цязе да з’яўлення трамвая. // Вагон такой дарогі. Праз горад хадзіла так званая конка — вагончыкі па рэйках вазілі коні. Дубоўка.
ко́нкурс, ‑у, м.
1. Спаборніцтва, якое мае на мэце выявіць самых лепшых яго ўдзельнікаў. Аб’явіць конкурс. Конкурс на лепшую сучасную п’есу. Фестывальны конкурс. Вытрымаць конкурс.
2. Сход крэдытораў для разгляду спраў неплацежаздольных даўжнікоў у дарэвалюцыйнай Расіі і ў капіталістычных краінах.
•••
Па-за конкурсам — а) тое, што і па-за канкурэнцыяй (гл. канкурэнцыя); б) не з’яўляючыся афіцыйным удзельнікам конкурсу.
[Ад лац. concursus — сутыкненне.]
ко́нкурсны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да конкурсу, звязаны з конкурсам. Конкурсная выстаўка. Конкурсныя экзамены. // Прызначаны для конкурсу. Конкурсная работа. Конкурсная камісія.
ко́нна, прысл.
Вярхом, на кані. Адзін за адным ехалі і конна, і на вазах. Якімовіч. Вайтовіч конна аб’язджаў цяпер палеткі, сам наглядаў, дзе як і што робіцца. Пальчэўскі.
конна...
Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «конны», напрыклад: конназаводскі.