Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ко́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да коўкі, прызначаны для яе. Ковачныя работы. Ковачная машына.

ко́вы, ‑аў; адз. няма.

Паэт. Тое, што і аковы. Вы ішлі наперад віхрам-бураломам, Разбівалі ковы, векавыя путы. Колас. Патрэскаўся лёд на Лене, Волга скрышыла ковы, Калі Нарадзіўся Ленін У ясны Ранак вясновы. Дзеружынскі.

код, ‑а, М ‑дзе, м.

Сістэма ўмоўных знакаў, сігналаў, якая выкарыстоўваецца для запісу або шыфраванай перадачы сакрэтных звестак. Тэлеграфны код. Сігнальны код. □ [Радыстка] заявіла, што надпісы зроблены асобым кодам і каб іх прачытаць, трэба мець «ключ». Карпюк.

[Фр. code.]

ко́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

1. Заключная частка музычнага твора.

2. Дадатковы верш у санеце звыш устаноўленых для яго чатырнаццаці радкоў.

[Іт. coda — хвост.]

ко́давы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кода. Кодавыя знакі. Кодавая назва.

ко́дла, ‑а, н.

Разм.

1. Дом, сяліба. Злажыўшы рукі, як на модлы, Прыпёршыся каля сцяны, Глядзіць Марына, як іх кодла Трасуць, варочаюць паны. Колас.

2. Сям’я, род. Так звялося ў Шапятоўцы Барабанчыкава кодла і пачалося кодла новае, ветэрынарава. Галавач. // перан. Пагард. Група людзей, аб’яднаных чым‑н. Варожае кодла.

ко́дэкс, ‑а, м.

1. Сістэматызаваны звод законаў якой‑н. адной галіны права. Крымінальны кодэкс. Грамадзянскі кодэкс.

2. перан.; чаго або які. Сукупнасць асноўных прынцыпаў, правіл паводзін, поглядаў. Маральны кодэкс будаўніка камунізма.

3. Старадаўні рукапіс у пераплёце. Пергаментны кодэкс.

[Ад лац. codex — кніга.]

кожнадзённы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Тое, што і штодзённы. Свавольная вавёрка дасціпна рабіла свой кожнадзённы шпацыр. Чорны.

ко́жны, ‑ая, ‑ае, займ.

1. (мн. ко́жныя, ‑ых, ужываецца толькі ў спалучэннях колькасных лічэбнікаў з назоўнікамі, а таксама з назоўнікамі, якія не маюць адзіночнага ліку). Адзін з усіх, узяты асобна; усякі. Аўтобус ходзіць кожныя пяць мінут. Кожны дзень. □ Танцавала Зіна лёгка, папярэджваючы кожны рух партнёра. Шыцік.

2. у знач. наз. ко́жны, ‑ага, м.; ко́жная, ‑ай, ж. Усякі чалавек. Кожнаму сваё. □ Запомніць кожнаму не шкодзіць: Герой Не той, Хто дагары нагамі ходзіць. Корбан.

•••

Кожны божы дзень гл. дзень.

На кожным кроку гл. крок.

козагадо́вец, ‑доўца, м.

Той, хто гадуе коз.