Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

згаво́рлівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць згаворлівага; уступчывасць.

згаво́рлівы, ‑ая, ‑ае.

Такі, з якім лёгка згаварыцца; уступчывы. Сонцаў быў разам з тым вельмі дабрадушным і згаворлівым, у адрозненне ад суровага і цвёрдага Быстрова. Мележ. // Уласцівы такому чалавеку. Згаворлівы характар.

згада́цца, ‑даецца; безас. зак.

Разм. Прыпомніцца, прыгадацца. Згадалася, як маці шыла новую сукеначку, калі Аня стала хадзіць у школу. Мележ. «Хто б дзятла ведаў, каб не яго нос», — згадаліся Юлі словы, што любіў паўтараць яе бацька. Сачанка.

згада́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Разм.

1. Успомніць, прыгадаць. Хачу згадаць я светлы час, Што да жыцця паклікаў нас, Паход Кастрычніцкі згадаць, Аб людзях бедных расказаць. Куляшоў.

2. Угадаць, прадбачыць. Што пачнецца раней — наступленне ці блакада — вельмі цяжка згадаць. Брыль. Напэўна, праведаў вораг, Згадаў па тваёй хадзе, У які ты імкнешся горад, Якою дарогай ідзеш. Глебка.

зга́двацца, ‑аецца.

Незак. да згадацца.

зга́дваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да згадаць.

згаджа́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для вырашэння рознагалоссяў і супярэчнасцей. Згаджальная камісія.

згаджа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да згадзі́цца ​1.

зга́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца.

Зак. да га́дзіцца.

згадзі́цца 1, згаджу́ся, зго́дзішся, зго́дзіцца; зак.

1. Даць згоду на што‑н. — Такога мужа за тры грошы можна купіць. Мусібыць на свеце адна пані Даміцэля і згадзілася пайсці за яго замуж. Колас.

2. Прыйсці да згоды (у 2 знач.); пагадзіцца з чым‑н. — Відаць, з Мацеем нешта здарылася, — згадзіліся ўсе на адным меркаванні. Шамякін.

3. Выказаць згоду з кім‑, чым‑н., прызнаць правільным, пацвердзіць што‑н. — Патрабаваць трэба падвышэння, — абазваўся той. — Праўду кажаш, — згадзіўся Пніцкі. Чорны. Думка была слушная, і Віктар павінен быў з ёю згадзіцца. Маўр.

згадзі́цца 2, ‑дзі́цца; зак.

Аказацца карысным, прыгодным для чаго‑н.; спатрэбіцца. Дрэва патачыў чарвяк, на хаты яно лонаўцам не згадзілася. Пташнікаў. За горадам, у баку ад княжага замка, ужо з самага набліжэння фронту не працавала панская пільня. Цяпер яна згадзілася на выраб лесу на патрэбы войска. Чорны.

зга́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Зак. да гадзіць.

згадзі́ць, згаджу́, зго́дзіш, зго́дзіць; зак., каго-што.

Абл. Наняць каго‑н. для выканання якой‑н. работы. Мяне згадзілі пасвіць дзесяць штук гавяды — па рублю ад штукі. Гартны. Пан табе не спагадае, Сваю работу загадае: То пастуха згадзі, служанку. Колас.